Ці Расія рыхтуецца да новага нападзення на Украіну? Такім пытаннем задаецца выданне Sieci. Канешне, дакладнага адказу на гэтае пытанне аўтар артыкулу не дае, але ён прыводзіць прыклады розных падзей і выказванняў вядомых людзей у Расіі, якія могуць сведчыць аб тым, што магла пачацца аперацыя, якая павінна прымусіць украінскія ўлады аддаць Маскве гэтак званыя народныя рэспублікі – ЛНР і ДНР на ўсходзе Украіны.
Праз некалькі дзён пасля рэферэндуму, які даў Пуціну магчымасць кіраваць дзяржавай нават да 2036 года, спецслужбы пачалі дзейнічаць – былі арыштаваныя, між іншым, былы журналіст Іван Сафронаў і губернатар Хабараўскага краю Сяргей Фургаль. Улады імкнуцца запужаць нязгодных. З іншага боку, чуваць галасы, якія разважаюць, якім чынам далучыць Данбас да Расіі.
Прэсінг, які Масква аказвае на Украіну, не абмяжоўваецца выключна словамі. Уладзімір Пуцін падпісаў дэкрэт аб прызыве рэзервовых войскаў. На думку ўкраінскага парталу 24tv.ua, сапраўднай мэтай можа быць прыхаваная мабілізацыя салдат перад асеннім нападзеннем. Па інфармацыі ўкраінскага генерала Васіля Галапацюка, Расія сабрала на мяжы з Украінай тры вялікія ваенныя фармаванні, якія могуць у кожны момант перайсці да наступлення. Гэта, па словах Галапацюка, прыкладна 87 тыс. асоб ваеннага персаналу, 1,1 тыс. танкаў, 2,6 тыс. бронетранспарцёраў ды іншая тэхніка. Да гэтага неабходна дадаць ваенную тэхніку, якая знаходзіцца на Крыме. А Крым быў пераўтвораны Расіяй у адну вялізную ваенную базу.
Пра магчымасць адкрытага ваеннага канфлікту з боку Расіі казаў таксама некалькі разоў на працягу апошніх тыдняў генерал Біл Годжэс (Bil Hodges), які да нядаўняга часу быў галоўнакамандуючым амерыканскіх ваенных сілаў у Еўропе. На думку Годжэса, Расія неўзабаве можа выслаць сваіх «зялёных чалавечкаў» дзеля таго, каб захапіць плаціну ў Херсоне і адкрыць такім чынам магчымасць паставак пітной вады на Крым. У інтэрв’ю сайту «Левы Бераг» генерал адзначыў, што, на ягоную думку, мэтай расійскага нападзення на Украіну можа стаць Адэса.
Палітычная гульня Крамля даволі простая – ён ставіць прэзідэнта Зяленскага перад выбарам з двух варыянтаў, абодва дрэнныя для Украіны: калі Зяленскі не пойдзе на саступкі па справе Данбасу, то можа пачацца адкрытае супрацьстаянне. На гэты раз наступленне можа мець «гуманітарную» матывіроўку.
нг