Беларуская Служба

Лукашэнка не пакінуў дэмакратыі ані шанца

10.08.2020 15:08
Польская прэса асвятляе хаду ды вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/STRINGER Dostawca: PAP/EPA.

Матэрыялы на гэтую тэму выйшлі на старонках трох галоўных штодзёнак краіны.

Штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna» напісала, што беларускі кіраўнік не пакінуў ані шанца для дэмакратыі. Выбары прыйшлі са шматлікімі парушэннямі, а exit poll праводзіў БРСМ, заявіўшы, што Лукашэнка перамог набраўшы 79,7% галасоў, тады як за Ціханоўскую прагаласавала толькі 7% выбарцаў.

Выданне піша, што беларуская апазіцыя заяўляе пра фальсіфікацыю выбараў. Маштаб парушэнняў сёння вялізарны, нават на «беларускія стандарты». Улады не запрасілі замежных назіральнікаў, беларускіх грамадзянаў, якія назіралі за выбарамі выганялі з участкаў ды арыштоўвалі.

Пасля завяршэння выбараў міліцыя, унутраныя войскі заблакавалі цэнтр беларускай сталіцы. Быў адключаны інтэрнэт. Рэжым Лукашэнкі прыгатаваўся да здушэння маштабных пратэстаў.

Выданне пытаецца, ці гэта пачатак канца дыктатарскага рэжыму ў Беларусі? Вось ужо 10 год чуваць такія прагнозы, а яны ўсё не спраўджваюцца, піша газета.
Выбары прайшлі пад дыктатам Лукашэнка

Так штодзёнка «Rzeczpospolita» падсумоўвае выбарчую кампанію, якая завершылася ў Беларусі.

Выданне зазначае, што з моманту распаду СССР ў Беларусі шэсць разоў праходзілі выбары прэзідэнты. Усе шэсць разоў на выбарах балатаваўся Лукашэнка. Апошняя кампанія стала для беларускага кіраўніка непрыемным сюрпрызам.

Ягоным галоўным супернікам зрабілася хатняя гаспадыня Святлана Ціханоўская. Невядомая раней нікому ў Беларусі, апроч мужа – папулярнага блогера – якога Лукашэнка арыштаваў яшчэ ў маі, пры канцы кампаніі выводзіла на вуліцы дзясяткі тысяч беларусаў. У Мінску, зазначае выданне, падтрымаць кандыдатку выйшла 70 тысяч чалавек.

Верагодна таму ў нядзелю на вуліцах беларускай сталіцы было мноства вайсковых грузавікоў ды бронемашын. Жаўнеры ачапілі ўсе ўрадавыя будынкі, заблакавалі вуліцы ды адключылі інтэрнэт.

Нягледзячы на гэтыя меры тысячы беларускіх грамадзянаў выйшлі на вуліцы гарадоў, дамагаючыся сумленных выбараў. Выданне зазначае, што беларускае грамадства здала іспыт на права «звацца народам».

Газета нагадала, што ў пятніцу міністры замежных спраў Веймарскага трохкутніка (Польшчы, Францыі ды Нямеччыны) заклікалі беларускія ўлады правесці вольныя выбары, вызваліць палітвязняў ды ўстрымацца ад гвалту ў дачыненні да грамадзянаў. Ад гэтага будзе залежыць далейшы дыялог Беларусі з ЕЗ. У Мінску выбралі іншы фармат размовы, піша выданне.

Жыве Беларусь, піша штодзёнка «Gazeta Wyborcza». Выданне так падсумоўвае прэзідэнцкія выбары, якія завяршыліся ўчора ў Беларусі.

Адам Міхнік зазначае, што мінулае галасаванне стала сапраўдным урокам свабоды для беларусаў, якія яны не забудуць. Газета піша, што палякі падтрымліваюць памкненне беларусаў жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне.

юл