Улады кінулі на дэманстрантаў спецназ, шматлікія атрады міліцыі, якія безупынна закідвалі людзей светлашумавымі гранатамі, стралялі гумовымі кулямі. У адказ пратэстоўцы пачалі будаваць барыкады, закідваць міліцыю петардамі ды бутэлькамі. Адзін чалавек загінуў.
Ілюстрацыйны здымак
У ночы з 10 на 11 жніўня ў шэрагу беларускіх гарадоў прайшлі пратэсты супраць пераабрання Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта. Людзі выйшлі на вуліцы Мінска, Гродна, Ліды, Віцебска, Брэста, Магілёва, Бабруйска, Маладзечна, Баранавіч. Пратэсты працягнуліся да раніцы.
У адказ з боку ўладаў пайшоў гвалт. Такую ўстаноўку даў міністр унутраных спраў Юры Караеў. Чыноўнік заявіў, што недапусціць дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне.
Міліцыя збівае мірных пратэстоўцаў у Мінску
Стабільнасць паводле міністра выглядала так учора. АМАП безупынна ўжываў супраць дэманстрантаў спецсродкі: гумовыя кулі, слезацечны газ і светлашумавыя гранаты. Найбольш жорстка сілавікі дзейнічалі ў Брэсце ды Мінску. У Брэсце спецназ адкрыў агонь гумовымі кулямі па людзях, якія выйшлі на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Паводле інфармацыі телеграм-канала «Выбары бачыш?», дэманстранты таксама атрымалі траўмы ад выбухаў светлашумавых гранат.
У беларускай сталіцы найбольшыя сутыкненні мелі месца каля станцыі метро «Пушкінская» ды гандлёвага цэнтру «Рыга». Дэманстранты будавалі там барыкады, а сілавікі спрабавалі іх разабраць. За кожным разам пратэстоўцы ўзводзілі іх зноў. Так працягвалася да раніцы.
У другую ноч пратэстаў было затрымана 2 тысячы чалавек. Следчы камітэт заявіў, што пратэстоўцы – гэта маладыя людзі ва ўзросце 20–25 гадоў. Затое Лукашэнка назваў пратэстоўцаў «абкуранымі».
Пратэсты ў Беларусі за сумленныя выбары
Пры гэтым стала вядома, што падчас разгону загінуў адзін чалавек. Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што мужчына загінуў ад выбуху самаробнага прыстасавання на пачатку вуліцы Прытыцкага ў Мінску. Відавочцы кажуць, што прычынай смерці стала светлашумавая граната, што ўжываў АМАП. Тым больш, што на гэтым жа месцы раней быў моцна паранены кіроўца аўтобуса ад выбуху гранаты.
Таксама ўчора моцна пацярпелі і журналісты. У Брэсце аскепак светлашумавой гранаты зачапіў карэспандэнта Tut.by. У Мінску была параненая журналістка выдання «Наша Ніва» Наталля Лубневская.
Узброены міліцыянт у Мінску
Спецназ адмыслова страляў па журналістах. Падчас разгону на «Пушкінскай» кантузіла фотакарэспандэнта тэлеканалу «Белсат» Таццяну Капітонаву. Былі затрыманы журналісткі Тацяна Беляшова ды Алена Шчарбінская. Яшчэ некалькі журналістаў зніклі: галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч ды фотакарэспандэнт «Россия сегодня» Ілля Піталёў. Апроч таго надалей у Беларусі працягваюцца праблемы з інтэрнэтам.
Ціск аказваўся ня толькі на журналістаў. Уначы ўлады заблакавалі Святлану Ціханоўску ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, калі яна прыйшла туды аспрэчыць вынікі выбараў. Яе незаконна пратрымалі сем гадзін, а потым змусілі пакінуць тэрыторыю краіны. Пра гэта распавяла журналістам давераная асоба Вольга Кавалькова. Сама Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам, у якім заявіла, што была вымушаная з'ехаць дзеля дзяцей.
- Вы ведаеце, я думала, што ўся гэтая кампанія мяне вельмі моцна загартавала і надала мне столькі сіл, што я вытрымаю ўсё. Але, напэўна, я так і засталася той слабой жанчынай, якой была першапачаткова. Я прыняла вельмі цяжкае для сябе рашэнне. І я ведаю, што многія мяне зразумеюць, многія мяне асудзяць, а многія і зненавідзяць. Але, ведаеце, не дай бог апынуцца перад такім выбарам, перад якім апынулася я. Таму, людзі, беражыце сябе, калі ласка – ніводная жыццё не варта таго, што зараз адбываецца. Дзеці – гэта самае важнае, што ёсць у нашым жыцці.
Сёння з Беларусі пачалі прыходзіць паведамленне пра тое, што пачаліся забастоўкі на шэрагу прадпрыемстваў. Зʼявілася непацверджаная інфармацыя пра тое, што на забастоўку выйшлі працаўнікі Мінскага электратэхнічнага заводу імя Казлова бы жодзінскага БелАЗа.
У сваю чаргу Следчы камітэт пачаў запалохваць беларусаў, каб яны перасталі выходзіць на пратэсты. «Не паддавайцеся на правакацыі арганізатараў беспарадкаў, задумайцеся пра наступствы вашых дзеянняў, будзьце разважлівымі. Нагадваем, што за падобныя супрацьпраўныя дзеянні абавязкова наступіць крымінальная адказнасць», – гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэту ў Тэлеграме.
Юры Ліхтаровіч