Беларуская Служба

Беларусь становіцца Венесуэлай Еўропы

18.08.2020 12:15
Магчыма, што пасол Беларусі ў Варшаве пачне працаваць на ўскраінах дыпламатычнага жыцця польскай сталіцы.
       ,  ,        .
Польшча і астатнія краін Еўрасаюза маюць два тыдні, каб вырашыць, ці варта далей прызнаваць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі. PAP/EPA/YAUHEN YERCHAK

Польшча і астатнія краін Еўрасаюза маюць два тыдні, каб вырашыць, ці варта далей прызнаваць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі. „Мы накіроўваемся ў бок мадэлі паводзінаў, прынятай для Нікаласа Мадура”, - кажуць у размове з публіцыстам газеты Rzeczpospolita Янджэем Бялецкім дыпламатычныя крыніцы ў Польшчы.

У панядзелак Польшча дасягнула поспеху - некалькі дзён пасля звароту Матэвуша Маравецкага старшыня Еўрапейскага Савета Шарль Мішэль пераканаў усіх кіраўнікоў ЕС прыняць удзел у дыстанцыйным саміце, прысвечаным беларускаму крызісу. Сустрэча адбудзецца ў сераду. Да таго часу Польшча не будзе прымаць нейкіх важных рашэнняў адносна Беларусі. „Мы хочам каардынаваць нашыя дзеянні з супольнасцю”, - тлумачаць у  Варшаве.

Ключавой справай стане пазіцыя аб'яднанай Еўропы ў дачыненні да самога Лукашэнкі. У пятніцу ад імя ўсіх 27 краінаў-членаў, прадстаўнік ЕС па замежных справах Жазэп Барэль напісаў у Твітэры, што Еўрасаюз не прызнаў вынікаў выбараў у Беларусі.

Падобную пазіцыю ў той жа дзень у Сейме прадставіў прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі і паўтарыў яе на другі дзень падчас перамоваў з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа. Падобным чынам у панядзелак выказаўся кіраўнік брытанскай дыпламатыі Дамінік Рааб.

„Сітуацыя надзвычай дынамічная. Да таго часу, пакуль тэрмін Лукашэнкі афіцыйна не закончыцца, мы разглядаем розныя варыянты”, -  кажуць суразмоўцы газеты.

На іх думку, калі цягам бліжэйшых дзён Лукашэнка надалей будзе ажыццяўляць рэальную ўладу і адначасова не зможа дасягнуць пагаднення з апазіцыяй, то Польшча, а таксама ЕС, хутчэй за ўсё, паўтораць у дачыненні да Беларусі мадэль адносін з Венесуэлай.

Газета нагадвае, што па слядах Іспаніі, пасля фальсіфікацыі выбараў і масавых пратэстаў у Венесуэле, Польшча ў лютым мінулага года прызнала прэзідэнтам лідара дэмакратычнага руху Хуана Гуайда. Але, паколькі, насуперак чаканням, рэжым Мадура не ўпаў, склалася даволі шызафрэнічная сітуацыя, у якой польскае пасольства, акрэдытаванае пры аўтарытарным рэжыме ў Каракасе надалей дзейнічае, а амбасадар  Мадура ў Варшаве, час ад часу, удзельнічае ў афіцыйных мерапрыемствах у Польшчы.

Іспанія пайшла на такі крок з-за велізарных эканамічных інтарэсаў у Венесуэле. Беларусь, мяжа якой знаходзіцца ў 200 кіламетрах ад Варшавы, яшчэ больш важная для Польшчы.

„Выпадак Крыма, з якім былі парваныя ўсе эканамічныя і палітычныя кантакты, паколькі ЕС лічыць яго часткай Украіны, а Расія часткай сваёй тэрыторыі, не паўторыцца. Нават калі мы не прызнаем улады Лукашэнкі, дагаворы, якія звязваюць нас з Беларуссю, застануцца ў сіле”, - падкрэсліваюць суразмоўцы газеты Rzeczpospolita.

Таму цалкам магчыма, што пасол Беларусі ў Варшаве Уладзімір Чушаў пойдзе па слядах венесуэльскага амбасадара і пачне працаваць на ўскраінах дыпламатычнага жыцця польскай сталіцы.

аз