Польшча стала ворагам нумар адзін беларускай прапаганды, аб чым паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Газета нагадвае словы Лукашэнкі аб уяўным закрыцці межаў з Польшчай ды Літвой. Частка СМІ ўспрыняла яго словы даслоўна – што Мінск перакрые памежныя пераходы, на што Беларусь не рашылася нават вясной, калі пачалася пандэмія. Іншыя зразумелі гэта як намер Лукашэнкі размясціць войскі на мяжы. Рух на межах адбываецца нармальна, так што выказванне мела пераноснае значэнне.
Польшча ў афіцыйнай рыторыцы ўладаў усё часцей адыгрывае ролю дзяржавы, якая ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі. Гэта змена ў параўнанні з перадвыбарчай кампаніяй, калі прапаганда мацней эксплуатавала расійскі кірунак, стараючыся пераканаць Захад, што падтрымка кандыдатаў апазіцыі можа дапамагчы рэалізаваць сцэнар Крамля на змене ўлады ў Беларусі. Пасля выбараў Лукашэнка вярнуўся да старых тэзісаў пра змову Захаду супраць Беларусі, у якім прымаюць удзел перш за ўсё ЗША, а таксама амерыканскія «спадарожнікі» – Польшча, Літва, Чэхія і «на жаль, наша Украіна».
Польшча раздражняе Лукашэнку, паколькі адсюль ідзе інфармацыйная падтрымка пратэстаў – у Варшаве дзейнічае тэлебачанне Белсат, тут працуе Сцяпан Пуціла – заснавальнік Тэлеграм-каналу NЕХТА, з якога беларусы даведваюцца пра планаваныя пратэсты ў выходныя дні, менавіта ў Польшчы знайшлі прытулак прадстаўнікі новай эміграцыі, у тым ліку Валеры Цапкала, Вольга Кавалькова ці Павел Латушка.
нг