Беларуская Служба

У ЕС сітуацыяй у Беларусі зацікаўленыя перш за ўсё яе суседзі, у тым ліку Польшча

29.09.2020 14:28
Калі ЕС не рашыцца ўвесці санкцыі, то некаторыя дзяржавы могуць прыняць рашэнне пра ўвядзенне нацыянальных санкцый.
Аўдыё
        ?
Ці будуць уведзеныя санкцыі ў адносінах адказных за гвалт?фота: PAP/EPA/STR

Пратэсты ў Беларусі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў працягваюцца ўжо больш за паўтара месяца. І за гэты час Еўрапейскі Саюз не змог прыняць калектыўнае рашэнне ад імя ўсіх сваіх членаў пра ўвядзенне санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў, адказных за фальсіфікацыю галасавання і гвалт супраць мірных дэманстрантаў.

Высокапастаўленыя палітыкі розных краін, якія ўваходзяць у склад Еўрапейскага Саюзу, выражаюць сваё занепакаенне сітуацыяй у Беларусі, заклікаюць Аляксандра Лукашэнку правесці паўторныя выбары, адзначаюць, што беларускі народ сам павінен вырашаць свой лёс. Аднак да гэтае пары не было прынятае рашэнне пра ўвядзенне сур’ёзных санкцый супраць адказных за фальсіфікацыю і насілле.

У Польшчы разумеюць, што незалежная, суверэнная Беларусь – гэта жыццёва важна з пункту гледжання геапалітычнай бяспекі краін нашага рэгіёну, у тым ліку самой Польшчы. І таму, калі Еўрапейскі Саюз не рашыцца ўвесці санкцыі, то некаторыя дзяржавы могуць прыняць рашэнне пра ўвядзенне нацыянальных санкцый. Аб гэтым заявіў надоечы міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау (Zbigniew Rau). Пры гэтым ён выразіў спадзяванне, што пакет санкцый усё ж такі ўдасца падрыхтаваць і прыняць на агульным форуме ўсіх членаў Еўрасаюзу. Міністр падкрэсліў, што ў ЕС сітуацыяй у Беларусі зацікаўленыя перш за ўсё яе суседзі, у тым ліку Польшча.

- Калі я ацэньваю гэта з перспектывы ўсіх краін Еўрапейскага Саюзу, то бачу, што існуюць пэўныя спадзяванні, існуе практыка, што неабходна аддаць голас тым, хто найбольш зацікаўлены ў вырашэнні дадзенай праблемы. У сітуацыі, якая цяпер склалася ў Беларусі, усе вочы глядзяць на Польшчу, а таксама Літву.

Санкцыі абавязкова павінны быць уведзеныя супраць асобаў, якія адказваюць за злачынствы супраць беларускага народа пасля выбараў 9 жніўня. Аб гэтым між іншымі ішла гаворка падчас сустрэчы суперніцы Лукашэнкі на выбарах Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Спатканне прайшло ў аўторак у Вільні. Прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна расказала нам, якія гэта павінны быць санкцыі.

- Гэта павінны быць кропкавыя санкцыі супраць тых, хто ўдзельнічаў у насіллі супраць беларускага народа, хто ўдзельнічаў у фальсіфікацыях. Гэта таксама павінны быць цалкам эканамічныя санкцыі супраць «кашалькоў» Лукашэнкі. Гэта значыць, тых людзей, якія трымаюць ягоныя актывы і дапамагаюць яму ўтрымлівацца на гэтай пазіцыі. Калі казаць пра нацыянальныя санкцыі – па-першае, мы верым, што 1 кастрычніка Еўрапарламент прагаласуе за санкцыі. Па-другое, калі гэтага не адбудзецца, мы ўпэўненыя, што ўсе краіны ўвядуць свае, нацыянальныя санкцыі. Акрамя Кіпра, магчыма, калі ён не зменіць стаўлення, але мы верым, што зменіць.

Еўрапейскі Саюз стараецца вельмі дыпламатычна ставіцца да падзей у Беларусі, паколькі вядома, што Лукашэнка атрымаў падтрымку з боку Уладзіміра Пуціна, які, праўда, не выказвае прамых дэкларацый падтрымкі, але ён прыняў Лукашэнку ў Сочы і выдзеліў яму крэдыт, даючы зразумець, чый бок ён трымае. Таму неабходна разглядаць падзеі ў больш шырокім кантэксце, у тым ліку ў плоскасці кантактаў паміж ЕС і Расіяй, – адзначае Малгажата Банікоўска (Małgorzata Bonikowska) з Цэнтру міжнародных адносінаў.

- Еўрапейскі Саюз трапіў у складанае становішча, паколькі пытанне Беларусі мае шмат аспектаў. З аднаго боку на кану стаіць будучыня гэтай канкрэтнай дзяржавы, але ёсць фон – Расія. Так што гэта таксама пытанне адносінаў Расіі з Захадам. Вядома, што краіны Заходняй Еўропы ставяцца да Беларусі як да зоны ўплываў Расіі, у сваю чаргу Польшча і нашы бліжэйшыя суседзі, Прыбалтыка, падкрэсліваюць, што пры такім падыходзе будзе рэалізаваны выключна расійскі сцэнар. Гэта будзе азначаць васалізацыю Беларусі, а ў будучым аб’яднанне гэтых дзвюх краін на базісе саюзнай дзяржавы, якой ужо звязаны Беларусь і Расія.

Сёння адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Ціханоўская ад імя беларускага народа падзякавала французскаму лідару за прызнанне нелегітымнасці Лукашэнкі і заявіла, што беларускі народ выступае за правядзенне новых выбараў яшчэ ў гэтым годзе. Менавіта выбары павіны быць тэмаю міжнародных перамоваў, і АБСЕ – найлепшая платформа для такіх перамоваў. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што яна гатова размаўляць з усімі бакамі, у тым ліку з Расіяй, пра наладжванне перамоваў і выхад Беларусі з крызісу. Макрон заявіў, што ён згодны выступіць пасярэднікам па пытанні ўрэгулявання палітычнага крызісу ў Беларусі.