Беларуская Служба

Сёлета беларусы здзівілі ўвесь свет

15.11.2020 14:11
Мірны пратэст супраць дыктатуры Лукашэнка на 26 годзе яго праўлення зламаў стэрэатып, што беларусы пасіўны народ, што яны заслугоўваюць на такую ўладу.
Аўдыё
  • Гісторыя беларускага пратэсту заслугоўвае на фільм
Ілюстрацыйны здымакEPA/STR Dostawca: PAP/EPA

Гісторыі сотняў людзей: іх пакут, мужнасці разышліся па свеце. Беларускія падзеі жніўня 2020 выклікаюць інтарэс не толькі ў журналістаў, але і ў людзей культуры, простых жыхароў з розных краін нашай планеты. Некаторыя перакананыя, што мастацтва мусіць распавесці пра гэтыя падзеі. Сёння мы распавядзем пра некаторыя з іх.

Пачатак году зусім не прадвяшчаў таго, што адбудзецца ў жніўні 2020 года. Здавалася, што беларускае грамадства жыве сваімі штодзённымі бытавымі праблемамі, зусім не цікавячыся палітыкай. Лета 2020 года ўсё змяніла, кажа Стах Міклашэвіч, адміністратар суполкі «Хопіць баяцца», які вымушаны быў з'ехаць з Беларусі, ратуючыся ад пераследу.

- Я не спадзяваўся, што сёлета выбары нешта зменяць. Беларусы выйшлі ды паказалі, што яны маюць гонар, гатовыя змагацца за свабоду, што яны сапраўдны народ. 

Сёлета беларусы выйшлі на вуліцы з патрабаваннем чэсных выбараў, а ў адказ сутыкнуліся з незаконным і жудасным гвалтам, кажа Глеб.

- Мне 16 год, я быў вымушаны з'ехаць з Беларусі ў верасні. Яшчэ раней да выбараў я быў палітычна актыўным. Быў валанцёрам у Міжнародным цэнтры грамадскіх ініцыятыў, дапамагаў трансгендэрам у часы каранавіруса. Мы арганізаваліся і дапамагалі хворым. Падчас выбараў не быў назіральнікам. Я не думаў, што выбары нешта зменяць, я памятаў пра папярэднія фальсіфікацыі. Не думаў, што беларусы арганізуюцца ды выйдуць на вуліцы. Я думаў, што будзе ў 2010 годзе. 11 жніўня я паехаў у Мінск. Не было інфармацыі. 11 увечары я шукаў майго брата, якога затрымалі раней. Увечары на вакзале, калі я вяртаўся дадому мяне затрымалі АМАП. Хоць я непаўналетні мяне скавалі, закінулі ў аўтазак, завезлі на Акрэсціна. Міліцыя здзекавалася нада мной.

Гісторыі беларускага супраціву ды пераследу жніўня 2020 года пачалі збіраць неабыякавыя людзі. Запушчаны адмысловы сайт «Жнівень 2020». Гэтыя гісторыі вартыя таго, каб іх асэнсавала культура ды мастацтва, паказала кіно, кажа каардынатар праекта Аляксандра Лівергант.

- Сучасны тэатр, напрыклад сучасны дакументальны тэатр, які цяпер так развіваецца, мог бы ўхапіцца за нейкую прыватную гісторыю, за такую сапраўдную гісторыю. Таксама важна і відэа фармат. У нас ёсць адна гісторыя, дзе тэкст не на першым плане, а менавіта відэа. Таксама варта рабіць аўдыёфарматы. Мы таксама гэта разважаем, глядзім у гэты бок.

Беларускі супраціў працягваецца. Час на мастацкае пераасэнсаванне яшчэ не настаў. Сітуацыя ў краіне пагаршаецца.

юл