У выданні Rzeczpospolita інфармацыя аб тым, што не толькі пагроза вета з боку Польшчы ды Венгрыі пагражае бюджэту Еўрапейскага Звязу. Аўстрыя, Данія, Швецыя ды Галандыя карыстаюцца гэтым канфліктам, каб ашчадзіць на ўзносах у звязаўскі бюджэт.
Гаворка ідзе пра прапанову, каб памер фінансавай дапамогі быў звязаны з прынцыпам вяршэнства закону ў дадзенай дзяржаве, якая з’яўляецца членам ЕЗ. У дадзеным выпадку хаўруснікамі Польшчы сталі Італія ды Іспанія. Суразмоўцы выдання адзначаюць, што канфлікт мае другое дно. Іх меркаваннем, тыя дзяржавы, якіх называюць чатырма скнарамі, прынялі цвёрдую пазіцыю па пытанні вяршэнства закону не толькі ў імя абароны еўрапейскіх каштоўнасцяў, але таксама ў надзеі, што ўдасца абмежаваць узносы ў Фонд адбудовы. Такую стратэгію ад імя ўсёй групы прасоўваў яшчэ летам прэм’ер-міністр Галандыі Марк Рутэ. І толькі выключна жорсткі прэсінг з боку канцлера Германіі Ангелы Мэркель прымусіў яго пайсці на саступкі.
Калі б Польшча рашылася аб’явіць вета бюджэту Еўразвязу, гэта азначала б, што не пачне дзейнічаць новы інструмент з Фонду адбудовы ў памеры сямісот пяцідзесяці мільёнаў еўра, якія планавалася прызначыць на барацьбу з наступствамі пандэміі каранавіруснай інфекцыі, – адзначае адвакат праф. Вальдэмар Гантарскі. Па словах праўніка, каб збудаваць добрыя міжнародныя адносіны, нельга казаць толькі цвёрда «НЕ». Трэба яшчэ ўмець прадставіць канструктыўныя прапановы, як адносіны паміж дзяржавамі павінны выглядаць.
нг