Гэта другі этап Народнага Трыбунала, які абвясціла Святлана Ціханоўская ды Каардынацыйная рада два тыдні таму.
На мінулым тыдні беларуская дэмакратычная апазіцыя заявіла пра пачатак Народнага трыбунала. У Літве было пададзена на разгляд у суд першая крымінальная справа паводле механізма міжнароднай юрысдыкцыі. Распавядае прэсавая сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.
- Звычайна дзяржавы самі зацікаўленыя ў расследаванні злачынстваў, якія здараюцца на іх тэрыторыі. У Беларусі адбылося тое, што дзяржава сама стала злачынцам праз дзеянні афіцыйных структур, якія паводзяцца як тэрарысты. Таму патрэбна магчымасць, каб даць людзям, беларусам юрыдычную абарону. Гэта дае механізм універсальнай юрысдыкцыі.
Цяпер пры ўдзеле Нацыянальнага антыкрызіснага ўраду ды ініцыятывы ByPol, штаба Святланы Ціханоўскай створана Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў, каб зафіксаваць дэталёва парушэнні закона з боку беларускіх сілавых структур. Гэта робіцца для асуджэння адказных за злачынствы супраць мірных грамадзян у Беларусі, распавяла Святлана Ціханоўская.
- Мы абвясцілі Народны Трыбунал, каб спыніць бяспраўе ў краіне, і, каб пакараць тых, хто здзейсніў злачынствы. Мы пачынаем новы этап Трыбуналу, запускаючы адзіную кнігу рэгістрацыю злачынстваў. Гэта сайт, куды кожны пацярпелы, сведка ці саўдзельнік могуць прыслаць інфармацыю пра злачынства з доказамі. Кожнае злачынства будзе праверана юрыстамі, а потым апублікавана.
На людзей, на якіх будуць сабраныя ў кнізе рэальныя доказы, апазіцыя будзе рэкамендаваць да ўключэння ў санкцыйныя спісы. Галоўнае сабраць дадзеныя пра злачынствы ды асоб адказных за іх здзяйсненне, зазначыў Павал Латушка.
- Некаторыя асобы жывуць у ілюзіі, што яны змогуць перажыць Лукашэнку. Яны памыляюцца, яны будуць адказваць за дзеянні, якія цяпер робяць. У нармальных умовах праваахоўныя структуры павінны клапаціцца пра законнасць. У Беларусі зусім наадварот. У краіне пануе прававы дэфолт, органы правапарадку падтрымліваюць несправядлівасць і беззаконнасць. Уся адказнасць за гэта ляжыць на суддзях, пракурорах, следчых, якія маючы адукацыю ды прафесійную адукацыю, свядома ідуць на парушэнні закону, робяць гэта сістэматычна. Яны здзяйсняюць злачынствы.
Тэхнічна збор доказаў будзе весціся праз сучасныя сеткавыя механізмы. Заявы пацярпелых будуць правяраць прафесійныя следчыя. Асуджаць Трыбунал не будзе, дакументы да суда будуць перадавацца ў міжнародныя інстанцыя, распавёў прадстаўнік ініцыятывы ByPol Андрэй Астаповіч.
- Кожная заява будзе правярацца прафесійнымі следчымі, пракурорамі, адвакатамі, юрыстамі. Атрыманыя дадзеныя будуць супастаўляцца з наяўнымі звесткамі, апублікаванай інфармацыяй у СМІ, словамі пацярпелых ды сведак. Мы нікога не судзім і не выносім прысудаў. Мы збірае м інфармацыю для міжнароднага суду, ці для беларускага суду. Атрымаўшы водгук мы будзем праводзіць поўнае расследаванне, каб праверыць прадстаўленую інфармацыю. Калі інфармацыя пацвердзіцца і супрацоўнік не здзяйсняў потым іншых злачынстваў, адмовіўся ад выканання злачынных загадаў, яму гарантуецца змякчэнне кары або амністыя пры ўмове нездзяйснення цяжкіх ці надзвычай цяжкіх злачынстваў. Неправераную інфармацыю мы не будзем публікаваць.
Папоўніць Кнігу злачынстваў зможа кожны беларус. Адзіная Кніга - гэта таксама апошні шанец для тых, хто альбо быў сведкам злачынстваў калег, альбо іх вымушаным саўдзельнікам. Любы, хто адносіць сябе да гэтых людзей, зможа канфідэнцыйна напісаць чыстасардэчнае прызнанне альбо даць паказанні пра злачынствы, якія адбываліся на яго вачах.
Юры Ліхтаровіч