Беларуская Служба

Трэба ўжо змірыцца з выбарам Джо Байдэна на пасаду прэзідэнта ЗША

17.12.2020 19:08
Байдэна павіншавалі ўжо тыя палітыкі, якія раней гэтага яшчэ не зрабілі.
Джозэф Байдэн фота: PAP/EPA/ALYSSA POINTER / ATLANTA JOURNAL CONSTITUTION

Gazeta Wyborcza прапануе, каб усе, нават самыя зацятыя ворагі новага амерыканскага прэзідэнта, пагадзіліся ўжо з выбарам Джо Байдэна на пасаду прэзідэнта ЗША. Перамога Байдэна была зразумелай ужо тыдні таму, але некаторыя яшчэ спадзяваліся, што пераможа ўсё ж такі Трамп.

Некаторыя лідары дзяржаваў свету ўжо павіншавалі Байдэна, а іншыя чакалі канчатковага рашэння, каб не было ніякіх сумненняў, хто стане гаспадаром Белага дому. У аўторак, калі прайшоў ужо больш за месяц пасля выбараў, выступіў з прамовай самы важны прадстаўнік Рэспубліканскай партыі, старшыня сенацкай камісіі большасці Міч МакКональ. Ён сказаў: «Многія з нас спадзяваліся, што рэзультат будзе іншы. Але ў нашай сістэме існуюць акрэсленыя працэсы, якія вырашаюць, хто будзе прэзідэнтам. Калегія выбарцаў сказала сваё слова», – заявіў ён і павіншаваў Байдэна і новую віцэ-прэзідэнт Камалу Харыс. І дадаў, што амерыканцы могуць ганарыцца, што ўпершыню гэтую пасаду зойме жанчына.

Працэс перадачы ўлады пачаўся ўжо нейкі час таму, Байдэну, у прынцыпе, не было патрэбнае прызнанне сваіх супернікаў, рэспубліканцаў, але яно паказвае, што амерыканская палітыка вяртаецца ў нармальнае рэчышча, пасля праўлення Трампа, які, дарэчы, усё яшчэ паўтарае, што ў яго шмат доказаў фальсіфікацыі выбараў.

А Байдэна павіншавалі тыя палітыкі, якія раней гэтага яшчэ не зрабілі, між іншым прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

нг