Пяць месяцаў таму расійскія спецслужбы спрабавалі атруціць вядомага расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Лекары ўратавалі яму жыццё, пяць месяцаў ён знаходзіўся ў Нямеччыне на лячэнні, куды яго вывезлі са згоды расійскіх уладаў. Пасля выздараўлення ён вярнуўся ў Расію, дзе яго арыштавалі за парушэнне ўмоў адбывання пакарання.
Аляксея Навальнага затрымалі ў аэрапорце Шарамеццева. Як паведаміла Радыё "Эхо Москвы", Федэральная служба выканання пакарання заявіла, што апазіцыянер будзе затрыманы да прыняцця рашэння суда. Супрацоўнікі турэмнай службы паведамілі, што палітык знаходзіцца ў вышуку, паколькі ён парушыў умовы адтэрміноўкі пакарання.
Самалёт з Аляксеем Навальным прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева. Перад перасячэннем мяжы палітык заявіў, што не баіцца рэпрэсій.
- Я ведаю, што ўсе крымінальныя справы супраць мяне сфабрыкаваныя. Мяне збіраюцца пасадзіць па справе, па якой быў вынесены прысуд Еўрапейскага суду на маю карысць. Я нічога не баюся і Вас заклікаю не баяцца.
Аляксей Навальны з учарашняга дня знаходзіцца ў міліцэйскім пастарунку Хімкі ў Падмаскоўі, пра гэта паведаміў адвакат Вячаслаў Гімадзі. Апазіцыянер вярнуўся ў Расію пасля пяцімесячнага лячэння ў Германіі. Са жніўня пра яго клапаціліся берлінскія лекары, якія вырашылі, што яго спрабавалі забіць вайсковай атрутай. Больш на гэтую тэму перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястржэмбскі.
- Аляксея Навальнага затрымалі пры праходжанні пашпартнага кантролю. Па словах адваката апазіцыянер знаходзіўся ў транзітнай зоне аэрапорта. Гэта азначае, што доўгі час не дазвалялі яму перайсці расійскую мяжу. Уначы яго перавезлі ў камісарыят паліцыі ў Хімках, аднак адвакатам не дазволілі з ім сустрэцца. Паліцыя затрымала каля 70 прыхільнікаў Навальнага, якія прыехалі ў аэрапорт Шарамеццева выказаць яму салідарнасць.
ЗША, Еўразвяз заклікалі Крэмль неадкладна вызваліць расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Са зваротам выступілі прэзідэнты Еўрапейскай рады і Еўрапарламента, а таксама кіраўнік дыпламатыі ЕС. Шарль Мішэль, Дэвід Сасолі і Жазэп Барэл, Уршуля фон дэр Лэен апублікавалі адпаведныя допісы на Twitter-ы.
Што азначае арышт, ці з Навальным стане як з Леніным ці Хамеіні, ягонае вяртанне ды арышт могуць ускалыхнуць расіян да рэвалюцыі? Малаверагодна, перакананы палітолаг Павал Усаў.
- Сумняваюся, што яго прыезд выклікае рэвалюцыю ў Расіі. Хамеіні меў абсалютны марыльны аўтарытэт і падтрымку. Ленін вярнуўся ў імперыю, якая была аслаблена вайной. Навальны ў першую чаргу змагар з карупцыяй, чым рэвалюцыянер. Ён нават не адзіны лідар для ліберальнай супольнасці ў Расіі. Мала верагодна, што ягоны казус стане штуршком для ўнутранай рэвалюцыі ў Расіі.
Аляксей Навальны – вядомы расійскі апазіцыянер – вярнуўся на Радзіму пасля пяцімесячнага лячэнне ў Нямеччыне, куды яго вывезлі пасля спробы атручвання агентамі ФСБ. Пасля прылёту палітыка арыштавалі. Міжнародная грамадскасць патрабуе вызваліць палітыка.
Юры Ліхтаровіч