Беларуская Служба

Анджэй Дуда: Урад адносна добра спраўляецца з цяперашняй крызіснай сітуацыяй

25.01.2021 11:02
«Калі б пры ўладзе былі лібералы, для вас гэта азначала б канец», - перасцярог прэзідэнт прадпрымальнікаў, якія парушаюць санітарныя абмежаванні.
   .
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.fot. Jakub Szymczuk/KPRP

Палякі павінны прыняць удзел у Нацыянальнай праграме вакцынацыі супраць COVID-19, бо згаданая хвароба нясе для іх рэальную пагрозу, заявіў прэзідэнт Польшчы ў буйным інтэрв’ю тыднёвіку Sieci. Анджэй Дуда таксама ацаніў, што ўрад адносна добра спраўляецца з цяперашняй крызіснай сітуацыяй.

„Нягледзячы на тое, што мне вельмі пашанцавала, паколькі я меў выключна лёгкія сімптомы хваробы, то я далёкі ад недаацэнкі гэтага пытання. Мая сяброўка, жанчына майго ўзросту, якая не мае спадарожных захворванняў, ледзь не памерла. Яна больш за тыдзень была падключаная да ШВЛ. Ейны стан быў крытычны(…) Таму для мяне, гэты вірус не банальная справа”, - сказаў прэзідэнт.

Паводле палітыка ўрад Аб'яднаных правых сілаў адносна добра спраўляецца з пандэміяй. Спасылаючыся на абавязковыя санітарныя абмежаванні, прэзідэнт Анджэй Дуда сказаў: „Я разумею нецярплівасць, а часта нават адчай людзей, якія назіраюць за дэградацыяй дасягненняў сваёй працы. Аднак правілы павінны выконвацца. Караць людзей у адчаі – страшны абавязак”, - дадаў палітык.

Каментуючы пратэсты прадпрымальнікаў і адкрыццё нягледзячы на забарону некаторых кампаніяў, напрыклад, рэстаранаў, прэзідэнт Анджэй Дуда заклікаў да здаровага сэнсу.

„Калі б пры ўладзе былі эканамічна жорсткія лібералы, для вас гэта азначала б канец. Нагадваю 2008 год і практычна ніякую дапамогу з боку дзяржавы. Ці памятаеце вы гэты ўсплёск беспрацоўя? Цяпер улады падышлі да крызісу інакш”, - падкрэсліў прэзідэнт.

Ён дадаў, што да ўспышкі пандэміі ўрад Аб'яднаных правых сілаў выдатна спраўляўся з польскімі справамі.

„Быў вялікі эканамічны рост і буйныя інвестыцыі, якія надалей працягваюцца. Дзякуючы ім будаўнічая галіна амаль не пацярпела. Я лічу, што гэта інвестыцыі будуць і надалей рухавіком польскай эканомікі”, - сказаў прэзідэнт Анджэй Дуда.

У сваю чаргу, калі гаворка ідзе пра змену на пасадзе лідара ЗША, то прэзідэнт Польшчы не асцерагаецца асаблівай змены ў польска-амерыканскіх адносінах. Анджэй Дуда нагадаў, што Джо Байдэн быў намеснікам прэзідэнта Барака Абамы, калі былі прыняты першыя рашэнні аб узмацненні польска-амерыканскага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі.

Прэзідэнт Абама быў у Варшаве ў 2016 годзе падчас саміту НАТА і вырашыў размясціць войскі альянсу на ўсходнім флангу НАТА. Таксама падчас тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Дональда Трампа супрацоўніцтва паміж Польшчай і ЗША паглыбілася. Пра гэта сведчаць дзве дамовы аб павелічэнні прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы.

Анджэй Дуда лічыць, што палітыка ЗША ў дачыненні да Польшчы будзе працягвацца, паколькі яна вызначаецца пастаяннымі амерыканскімі інтарэсамі, незалежна ад таго, хто кіруе краінай.

„Гэтая супраца ў часы Дональда Трампа значна паглыбілася, прыкладам чаго з'яўляецца кантракт на пастаўку звадкаванага газу ў Польшчу, пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне развіцця ядзернай энергетыкі, інвестыцыі амерыканскіх кампаній, такіх, як Google або Microsoft у Польшчы, павелічэнне прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы і ўвядзенне бязвізавага рэжыму для палякаў”, - нагадаў кіраўнік польскай дзяржавы ў інтэрв'ю тыднёвіку Sieci.

аз