Беларуская Служба

Віцэ-прэм'ер Украіны: «Прыйдзе такі дзень, калі расійская армія выйдзе з Данбасу»

05.02.2021 13:58
«Акно магчымасцяў паявіцца, я думаю, што гэта адбудзецца яшчэ сёлета».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePhoto-Pol/ Shutterstock

Выданне Rzeczpospolita змяшчае гутарку з віцэ-прэм’ерам Украіны Аляксеем Рэзнікавым. Гаворка ідзе, між іншым, пра вайну на Данбасе. На пытанне, ці Расія чакае, каб Украіна пачала наступленне, ён адказвае, што ваенны сцэнар вельмі небяспечны, ён унясе шмат жыццяў людзей. Заўсёды можна знайсці палітычнае і дыпламатычнае рашэнне. Будзе такі дзень, калі расійская армія выйдзе з Данбасу, а ўкраінскія ўлады спакойна навядуць там парадак.

Калі такі дзень прыйдзе? Усе перамовы заканчваюцца прыходам такога дня – кажа ўкраінскі палітык. «Не думаю, каб гэта працягвалася 30 гадоў, як у Нагорным Карабаху ці Прыднястроўі. Сёння свет, асабліва ў часы пандэміі, вельмі хутка мяняецца, таму ніхто не ведае, што нас чакае. Паглядзіце, што адбываецца ў Беларусі, а таксама ў Расіі. Людзі, якія там кіруюць, не вечныя. Акно магчымасцяў паявіцца, я думаю, што гэта адбудзецца ў гэтым годзе. Гэта інтуіцыя, я прадчуваю, што сёлета мы даб’емся поспеху», – гаворыць Аляксей Рэзнікаў.

Ці магчыма заключаць з Расіяй шматмільённыя кантракты і будаваць газаправоды, але пры гэтым патрабаваць, каб Крэмль выйшаў з Крыму? «Свет цяпер гібрыдны і вайна гібрыдная. Гэта цяжкае пытанне, на якое няма простага адказу», – мяркуе ўкраінскі віцэ-прэм’ер.

нг