Затрымлівалі журналістаў, праваабаронцаў ды грамадскіх актывістаў.
У Віцебску прайшоў ператрус у бацькоў праваабаронцы Ірыны Траццяковай. Міліцыянты шукалі дакументы, забралі флэшкі. У сталіцы сілавікі прыйшлі да дому з ператрусам да прэсавай сакратаркі Беларускага Дому правоў чалавека імя Барыса Звозкава Яўгеніі Парашчанкі. Тое самае адбылося ў праваабаронцаў з Цэнтру «Вясна» Наталлі Сацункевіч, Паўла Сапелкі, Зміцера Салаўёва. У іх дома адбыліся вобшукі, таксама як і на офісе арганізацыі. Найбольш брутальна міліцыянты паводзілі сябе ў доме праваабаронцы "Вясны" Змітра Салаўёва. У яго выбілі дзверы, канфіскавалі тэхніку, а праваабаронцу затрымалі.
Дагэтуль недасяжны па тэлефоне брэсцкі праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін, не адказвае на званкі і ягоная жонка. У Брэсце таксама прайшлі ператрусы ў кватэрах бацькоў валанцёрак брэсцкай "Вясны" Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч..
Другой ахвярай масавых рэпрэсій стала Беларуская асацыяцыі журналістаў. У офісе ды ў кватэрах кіраўніцтва арганізацыі былі зладжаны ператрусы. Гаворыць Вольга Хвоін.
- Адначасова прыйшлі да Андрэя Бастунца, да ягоных намеснікаў Алега Агеева, Барыса Гарэцкага, да юрыста БАЖ, а таксама да Крысціны Рыхтэр, якая супрацоўнічала з БАЖ. Сувязі з імі няма. Андрэй Бастунец затрыманы, у офісе БАЖ – ператрус.
Старшыня - Андрэй Бастунец быў часова затрыманы. Пасля вызвалення ён распавёў журналістам, справа толькі пачынаецца.
- Сядзіба БАЖ апячатаная, туды нельга зайсці без дазволу следчых. У мяне пакуль няма ніякага статусу па крымінальнай справе. Зразумела, гэта не канец.
Следчы камітэт паведаміў, што ператрусы звязаны з расследаваннем крымінальнай справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Гэтая акцыя – запалохвання грамадства, кажа палітолаг Андрэй Казакевіч з Цэнтру палітычных даследаванняў «Палітычная сфера».
- З самага пачатку крызісу, калі згадаць, што казаў сам Лукашэнка, улады казалі, што ў Беларусі дзейнічаюць грамадскія арганізацыя, у якіх Лукашэнка бачыў агентаў Захаду. Я думаю, што ўжо тады, яны былі ў рэпрэсіўных планаў уладаў. Цяпер настаў новы этап.
У Беларусі набірае абароты дзяржаўны тэрор. Сілавікі нанеслі чарговы ўдар па грамадзянскай супольнасці ды журналістах. Паралізаваная праца праваабарончага цэнтру «Вясна» ды Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Юры Ліхтаровіч