"Захад не разумее Усходу" – пад такім загалоўкам каментатар выдання Rzeczpospolita Руслан Шошын піша пра адсутнасць жорсткіх санкцый у адносінах Расіі ды Беларусі з боку Еўропы.
Аўтар прыводзіць гістарычны прыклад – Расціслава Лапіцкага, беларускага антыкамуністычнага дзеяча, які пасля вайны расклейваў улёткі супраць Сталіна. Ён да канца верыў, што Захад прыйдзе на дапамогу. Памыліўся, быў расстраляны карнікамі НКУС у 1950 г., яму было 22 гады.
У панядзелак суд у Гомлі асудзіў 16-гадовага Мікіту Залатарова на пяць гадоў калоніі, а двое яго крыху старэйшых калег атрымала шэсць і восем гадоў. Некалькі дзён таму двух маладых журналістак тэлебачання «Белсат» асудзілі на два гады, чарговыя журналісты і праваабаронцы чакаюць прысудаў. У Беларусі ўжо больш за 250 палітычных вязняў. Яны не разлічваюць, што Захад асабіста выцягне іх з турмы, але хацелі б, каб ён зрабіў хаця б нешта, каб стрымаць тэрор у цэнтры Еўропы.
Расчараваная апазіцыя заклікае ўвесці балючыя для рэжыму эканамічныя санкцыі, але Еўрасаюз хутчэй за ўсё абмяжуецца санкцыямі супраць некалькіх суддзяў і пракурораў. У сітуацыі, калі Брусель не ў стане затрымаць банкрутуючага дыктатара ў цэнтры Еўропы, не дзіўна, што няма агульнай пазіцыі ў адносінах Крамля, у якога як мінімум 2 тысячы атамных боегаловак, амаль 600 млрд долараў ашчаднасці і вялізныя запасы нафты і газу.
Падзеі ў Сочы, дзе ў панядзелак сустрэліся Лукашэнка і Пуцін, не пакідаюць сумненняў, хто верхаводзіць. Лукашэнка сядзеў з блакнотам і запісваў залатыя думкі расійскага калегі. Глыбокая інтэграцыя, супраць якой беларускі кіраўнік выступаў яшчэ нядаўна, цяпер стала галоўнай тэмай перамоў. Ён заявіў, што ўжо гатовыя ўсе 33 дарожныя мапы, ходзяць чуткі пра татальны распродаж расійскім інвестарам важнейшых беларускіх прадпрыемстваў, між іншым МАЗа і канцэрну Нафтан.
нг