Гэта прынцыпы кантролю за настроямі на працоўных месцах. Гэтай восенню Аляксандр Лукашэнка падпісаў і адпаведны дэкрэт, які абавязвае кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый, прымаючы людзей на працу, запытваць характарыстыкі работнікаў з папярэдніх месцаў працы. У характарыстыцы, у сваю чаргу, павінна адлюстроўвацца «стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў». Выдача ж характарыстык, якія змяшчаюць заведама недакладную інфармацыю, прызнаецца грубым парушэннем працоўных абавязкаў.
Улады спадзяюцца, такім чынам змогуць утрымаць сітуацыю пад кантролем. Зрэшты, сілавыя захады сапраўды дазволілі мінімізаваць знешнія праявы незадаволенасці. Адкрытае пытанне, ці знаходзіць гэта станоўчы водгук сярод людзей і ўсе раптоўна «палюбілі» рэпрэсіўную ўладу?
Саркастычным фактам выглядае і прызначэнне прызначэнне намеснікам старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі экс-камандзіра спецпадраздзялення «Альфа» Камітэта дзяржбяспекі Алега Чарнышова.
Вайсковы эксперт Ягор Лебядок кажа, што гэтыя захады ад таго, што дзяржаўная сістэма цяпер асабліва няўстойлівая:
– Сістэма вагаецца. Кадры чысцяцца. Але Лукашэнка прыняў правільнае для сябе рашэнне, што нельга ісці адзіным фронтам і чысціць усіх. А трэба кропкава. У кожнай арганізацыі ставіцца такі работнік КДБ, які будзе сачыць за станам дысцыпліны, за лаяльнасцю да Лукашэнкі. Найперш гэта тычыцца ключавых кадраў – аператыўнага і вышэйшага звяна. Раней гэта быў штат ідэолагаў, а цяпер штат канкрэтных людзей, якія мусяць выявіць, хто патэнцыйна можа арганізаваць забастоўкі, выказваць незадаволенасць у размовах. Плюс гэта кантроль дзейнасці кіраўніцтва, каб яны не далі слабіну, калі вагацца пачне ўсё яшчэ больш, калі сітуацыя стане яшчэ горшай, чым была ў жніўні 2020 года. Гэта досвед жніўня і падрыхтоўка на будучыню, бо ён выдатна разумее, што тут паляпшэння не будзе. Толькі сілавое выцісканне. А для гэтага трэба кантроль людзей, якія без розуму, але добрыя выканаўцы. Таму сілавікоў і ставяць не толькі намеснікамі па бяспецы, але і ў кіраўніцтве прадпрыемстваў.
Што тычыцца кадравых чыстак, то паведамленні пра звальненні за нелаяльнасць рэгулярна прасочваюцца ў публічную прастору. Напрыклад, чытачка «Нашай Нівы» распавяла, што працуе на кандытарскай фабрыцы «Камунарка» амаль 40 год. На мінулым тыдні яе выклікала начальніца цэха і сказала, што кантракт не працягнулі з прычыны таго, што жанчына патрапіла ў спіс нядобранадзейных. Паводле слоў жанчыны, у гэтыя спісы ўключаныя тыя работнікі, чые дзеці, напрыклад, хадзілі на маршы пратэстаў, хто сам хадзіў на мітынгі, хто негатыўна выказваўся ў бок улады ці падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў. Хаця гэта канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна.
Такім чынам улады хочуць стварыць сітуацыю маналітнага грамадства, грамадства застрашанага і маўклівага. Але, калі работнікі падбіраюцца найперш паводле адданасці і лаяльнасці, а не прафесійных якасцяў, гэта разбуральна ўплывае на ўсе сферы. Да таго ж падобны падыход правакуе людзей пазбаўляцца ад магчымых супернікаў, пераследаваць усіх, хто патрапіцца ў поле зроку, каб прадэманстраваць сваю лаяльнасць і адданасць сістэме.
вх