Беларуская Служба

А. Мілінкевіч пра сітуацыю ў Беларусі: Крэмль хоча мець пад кантролем усю дзяржаву

08.11.2021 13:00
Расія падтрымлівае рэжым Лукашэнкі толькі дзеля таго, каб максімальна аслабіць беларускую дзяржаўнасць, незалежнасць і нацыянальную свядомасць.
.   .
А. Лукашэнка і У. Пуцінфота: kremlin.ru, CC BY 4.0, via Wikimedia Commons

Газета Rzeczpospolita друкуе інтэрв’ю з беларусікм апазіцыйным палітыкам Аляксандрам Мілінкевічам. Аптымізму ў гэтай размове мала. Мілінкевіч кажа, што незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай. Расія ўсё мацней прывязвае да сябе Беларусь, на столькі моцна, што нават дэмакратычным уладам, калі такія паявіліся б у Мінску, цяжка было б гэтую залежнасць зменшыць. Гаворка ідзе не толькі пра дэкрэт аб інтэграцыі, які падпісаў Лукашэнка, але таксама пра татальную дэбеларусізацыю краіны.

Расія падтрымлівае рэжым Лукашэнкі толькі дзеля таго, каб максімальна аслабіць беларускую дзяржаўнасць, незалежнасць і нацыянальную свядомасць. Крэмль хоча мець пад кантролем усю дзяржаву, асабліва ваенным. Лукашэнка будзе да канца змагацца супраць расійскай ваеннай базы ў Беларусі, паколькі ён разумее, што ў такім выпадку краіна можа паўтарыць лёс Крыму. Калі такая база паявіцца, гэта будзе вялізная праблема для будучых уладаў. З чужой ваеннай базай ня можа быць гаворкі пра нейтральнасць.

Ці дэмакратычны свет можа неяк стрымаць гэты наступ? Шчыра кажучы, у заходняга свету няма іншых інструментаў, акрамя санкцый, – кажа Мілінкевіч. А санкцыі – гэта складаны інструмент. З аднаго боку яны б’юць у рэжым, але з іншага павялічваюць уплывы Крамля і аслабляюць суверэнітэт Беларусі. Адказнасць Расіі за тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі вялікая. Расія ўжо страціла Украіну, яна не можа страціць Беларусі. Гэта была б катастрофа для Крамля. Тэмай Беларусі ў Расіі займаюцца шматлікія ўстановы, пішуць розныя сцэнары.

Rzeczpospolita/нг