З 1950 года гэты дзень адзначаецца ва ўсім свеце, як Дзень правоў чалавека. Менавіта ва Усеагульнай дэкларацыі былі ўпершыню абвешчаныя каштоўнасці, якія сёння мы называем універсальнымі: правы чалавека ўсе людзі маюць ад нараджэння, і міжнародная супольнасць павінна забяспечваць іх выкананне.
Слухайце далучаны гукавы файл!
Аднак у Беларусі, якая даўно не магла пахваліцца высокімі ацэнкамі што датычна правоў і свабодаў чалавека, цягам апошніх двух год сітуацыя, як кажуць, упала ніжэй плінтуса. І прагнозы несуцяшальныя, гаворыць праваабаронца, прадстаўнік цэнтру «Вясна» Павел Сапелка:
- У праваабарончым цэнтры «Вясна» мы адзначаем, што сітуацыя стабільна пагаршаецца з правамі і свабодамі чалавека ў Беларусі ў цэлым. Гэта назіраецца фактычна па ўсіх кірунках. Асноўны наш боль – больш за 900 чалавек палітвязняў, і іх колькасць працягвае павялічвацца. Мы ведаем пра дзясяткі выпадкаў, калі людзі былі асуджаныя без пазбаўлення волі, але гэта таксама сур’ёзныя рэпрэсіі.
Мы назіраем, як нарастае колькасць звальненняў работнікаў па палітычных матывах. Гэта таксама разглядаем як адзін з відаў рэпрэсій.
Па-ранейшаму адвольна прымяняецца заканадаўства аб адміністратыўных правапарушэннях. Людзей асуджаюць да арышту, вялікіх штрафаў за рэалізацыю свайго права на свабоду мірных сходаў і выказванне меркавання.
Адвольна выкарыстоўваецца заканадаўства аб недапушчэнні распаўсюду экстрэмізму – за рознага віду абмены інфармацыяй, за рэпосты матэрыялаў, якія гэтак жа адвольна былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Дынаміка даволі ўстойліва і паказвае, што ніякага пералому, ніякага паляпшэння з правамі чалавека ў Беларусі не чакаецца. Наадварот, рэпрэсіі закранаюць усё больш розныя і шырокія слаі насельніцтва.
Што тычыцца грамадзянскага сектара, то працягваюць ліквідацыю самых розных грамадскіх арганізацый. Нам вядома пра ліквідацыю каля 300 аб'яднанняў. Адным словам, мы не прагназуем нейкіх пазітыўных зменаў. І рыхтуемся да пагаршэння сітуацыі.
Пераслед за іншадумства займае першае месца ў маніторынгу парушэнняў правоў чалавека, які робіць Беларускі ПЭН-цэнтр, кажа намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай:
– Са студзеня па верасень мы зафіксавалі 1032 выпадкі парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Мы бачым, што колькасць гэтых выпадкаў павялічваецца. Гэта сведчыць, што крызіс не мінае, а ўсё больш разгортваецца. І калі год таму выпадкі парушэння культурных правоў і правоў дзеячаў культуры былі ў большасці звязаныя з вулічнымі пратэстамі, то цяпер пераслед мае схаваныя формы: гэта звальненні, пераслед за свабоду выказвання ў той ці іншай форме.
Затрыманні, абвінавачванні, якія прад’яўляюцца за так званае «пікетаванне татуіроўкай» або свечку ў вакне. Гэта ўсё – выказванне меркавання. Калі гэтае меркаванне ўлады трактуюць як неадпаведнае дзяржаўнай палітыцы, то пераследуюць за гэта. Але гэта пераслед за іншадумства. Гэта спадчына Савецкіх часоў. Нам даводзіцца жыць у такі час. Пераслед за іншадумства займае першае месца ў нашым топ-10 парушэнняў правоў чалавека за студзень-верасень 2021 года.
Юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў падкрэслівае, што права на свабоду выказвання і права на свабоду інфармацыі найбольш часта парушаліся ў Беларусі за перыяд кіравання Лукашэнкі.
– А цяпер краіна ў такім стане, калі інструментаў, каб абараніць сябе, у людзей няма.
І агулам юрыст мяркуе, што беларускія ўлады загналі сябе ў сітуацыю, з якой ім немагчыма выйсці прыстойна.
Нягледзячы на такія песімістычныя ацэнкі, праваабаронца, прадстаўнік цэнтру «Вясна» Павел Сапелка кажа, што праца не спыняецца:
– Што тычыцца праваабарончай супольнасці, то, нягледзячы на такі моцныя ўдары дзяржавы, як то ліквідацыя ўсіх арганізацый і крымінальны пераслед прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра Вясна, Офіса па правам людзей з інваліднасцю і іншых, мы працягваем сваю працу. Ніводная арганізацыя не спыніла сваёй дзейнасці. Вясна працягвае працу па ўсім сваім кірункам, некаторыя з іх мы перафарматавалі. Але тым не менш – мы застаемся на сваіх месцах і будзем працягваць сваю працу за правы чалавека, за іх сцвярджэнне, прасоўванне і абарону.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека перакладзена на больш чым 370 моваў і дыялектаў свету. Дэкларацыю падпісалі ўсе чальцы Арганізацыі аб’яднаных нацый, а гэта 192 краіны. Беларусь таксама ў ліку тых, хто падпісаў гэты дакумент. Аднак сітуацыя з правамі чалавека ў краіне катастрафічная.
вх