Беларуская Служба

Нямецкая меншасць у Польшчы сутыкнулася з вялікімі клопатамі

15.12.2021 15:22
Польшча вылучае на гэтую мэту 236 млн злотых (каля 50 млн еўра) у год. Калі папраўка будзе прынятая, гэтая сума будзе паменшана на 39 млн злотых (8,5 млн еўра).
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com

Найбуйнейшая нацыянальная меншасць у Польшчы – нямецкая – можа пазбавіцца часткі сродкаў на выкладанне савёй мовы, а яе дэпутат у Сейме можа быць пазбаўлены пасады намесніка старшыні Камісіі па нацыянальных меншасцях, піша ў сераду, 15 снежня Rzeczpospolita.

«Гэта не што іншае, як сіметрычны крок у адпаведнасці з тым, як Нямеччына ставіцца да палякаў у гэтай краіне», – заявіў Януш Кавальскі з праварадыкальнай партыі «Салідарная Польшча», якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю. Кавальскі з'яўляецца дэпутатам ад Апольскага ваяводства, менавіта там кампактна пражывае нямецкая меншасць у Польшчы, якая налічвае каля 150 тыс. чалавек. Паводле газеты Rzeczpospolita, з-за паправак, ініцыяваных дэпутатам Кавальскім, меншасць можа пазбавіцца часткі субсідый на выкладанне нямецкай мовы.

Польшча вылучае на гэтую мэту 236 млн злотых (каля 50 млн еўра) у год. Калі папраўка будзе прынятая, гэтая сума будзе паменшана на 39 млн злотых (8,5 млн еўра). Аб тым, што «існуе вельмі вялікі ціск» сярод дэпутатаў правячай кааліцыі «Абʼяднаных правых» у падтрымку такой папраўкі, казаў у аўторак у TVP Info міністр адукацыі Пшэмыслаў Чарнэк.

Міністр адзначыў, што Нямеччына не выдаткоўвае ніводнага еўрацэнта на выкладанне польскай мовы для палякаў, якія там пражываюць. «Калі яны не выконваюць абавязацельствы, то мы павінны паклапаціцца пра палякаў у Нямеччыне, і таму дэпутаты хочуць, каб гэтыя 39 мільёнаў злотых, былі выдаткаваныя ў Нямеччыне на арганізацыі, якія падтрымліваюць вывучэнне польскай мовы».

Дэпутат ад нямецкай меншасці Рышард Гала ў размове з выданнем заявіў, што калі папраўка будзе зацверджана, у выкладанні нямецкай мовы ў Польшчы мала што зменіцца, але фінансава будуць пакараныя мясцовыя ўлады. «Калі бацькі пададуць дэкларацыі аб жаданні вывучаць мову меншасці, то школа, у адпаведнасці з Законам аб адукацыі, усё роўна будзе абавязаная арганізаваць гэтыя заняткі», – падкрэсліў дэпутат Гала. Аднак, паводле дэпутата Януша Кавальскага, гэта не так, бо  будзе скарочана колькасць гадзін нямецкай мовы ў школах.

Тым не менш, гэта не канец клопатаў, якія ў апошнія дні абрынуліся на нямецкую меншасць. Пасады намесніка старшыні Камісіі Сейма па нацыянальных і этнічных меншасцях можа пазбавіцца Рышард Гала – адзіны дэпутата, які прадстаўляе нямецкую супольнасць. Такая прапанова ўжо прагучала ад прадстаўнікоў кіроўнай кааліцыі.

Праблема ў тым, што прысутнасць дэпутата нямецкай меншасці ў прэзідыуме гэтай камісіі зʼяўляецца адным з няпісаных правілаў Сейма, падкрэслілі ў газеце Rzeczpospolita.

эж