Апошнія дзеянні рэжыму: безупынныя арышты ды вялізарныя штрафы за грамадскую актыўнасць, зрабілі актуальнай справу пашырэння санкцыйных спісаў у дачыненні да людзей і структур рэжыму Лукашэнкі. Пачаліся размовы пра неабходнасць увесці санкцыі на дзяржаўныя прадпрыемствы накшталт «Мінсктранса» ды «Белтэлекома».
Пра «Мінсктранс» ды яго дырэктара Алега Дзюбенка сталі гаварыць у звязку са справай журналіста Аляксандра Івуліна. Спартыўны журналіст, блогер і футбаліст «Крумкачоў» трапіў у турму за сваю грамадскую пазіцыю, яму пагражае некалькі год турмы.
Рэжым абвінавачвае журналіста ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Апроч таго прадпрыемства «Мінсктранс» выставіла яму пазоў амаль на 15 тысяч долараў (39 тысяч беларускіх рублёў). Раней, падобныя пазовы «Мінсктранс» прад'яўляў дзясяткам іншых палітвязняў.
У адказ на гэта на Тэлеграм канале МотолькоПомоги праводзіцца ананімнае апытанне наконт таго, ці павінны быць уведзены санкцыі супраць «Мінсктранса»? На дадзены момант 91% удзельнікаў прагаласавала за тое, што «Мінсктранс» павінен патрапіць пад санкцыі. 1% за тое, каб «Мінсктранс» не трапіў пад санкцыі. 8% не ведалі, што выбраць.
Дадзенае апытанне не з'яўляецца рэпрэзентацыйным у сацыялагічным значэнні, але дэманструе настроі часткі беларусаў. Дэмакратычныя сілы павінны гэта ўлічваць, перакананы палітолаг Павал Усаў. Трэба казаць пра неабходнасць пашырэння санкцыйных спісаў.
- Гэта павінна быць паказальным уздзеяннем на дзяржаўныя структуры. Вядома, што гэта не адразу прывядзе да змен ва ўнутранай палітыкі. Але неабходна аказваць палітычны і часткова эканамічны ціск на структуры, якія абслугоўваюць рэжым. Палітычныя санкцыі павінны быць прыярытэтам. Дастаткова параўнаць, што ў Беларусі ўжо каля 1000 палітзняволеных, а ў чорным спісе ЕЗ не больш 100 асоб з атачэння Лукашэнкі ды кіроўнага апарата сілавых структур. Палітычны ціск павінны пашырацца. Кіраўнікі дзяржаўных структур павінны хутка ўносіцца ў спіс неўязных. Гэта важны чыннік уплыву, на жаль, сёння ён разглядаецца як другасны.
Дзеянні кіраўніцтва «Мінсктрансу» ды іншых чыноўнікаў рэжыму павінны быць пакараныя, нават сімвалічным уключэннем у санкцыйны спіс. Аднак немагчыма ўключыць туды ўсіх, дэмакратычным сілам трэба засяроджвацца на тых структурах, унясенне якіх пад санкцыі зможа балюча ўдарыць па рэжыму, кажа дарадца лідаркі дэмакратычных сіл Беларусі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
- Гэтая ідэя з'явілася нядаўна, калі «Мінсктранс» стаў непасрэдна ўдзельнічаць у рэпрэсіях, але ёсць неабходнасць уводзіць санкцыі супраць тых прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, якія напрасткі ажыццяўляюць тэроры, і фінансуюць рэжым. Таму ў першую чаргу мы прапаноўваем еўрапейскім партнёрам санкцыі на буйныя карпарацыі, а таксама арганізацыі, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыйныя схемы. Ужо ў другую чаргу тыя, хто з'яўляюцца саўдзельнікамі, як «Мінсктранс».
На дадзеным момант большае значэнне мае ўнясенне ў санкцыйны спіс дзяржаўнага манапаліста «Белтэлеком», які блакуе ў Беларусі інтэрнэт ды доступ да свабоднай інфармацыі для мільёнаў грамадзян, кажа актывіст.
- Я не апраўдваю «Мінсктранс», я проста лічу, што яны пешкі. Мы ж разумеем, што зараз увесь рэжым удзельнічае ў злачынстве ў рознай ступені. Супраць нас працуе ўся гэтая махіна з сотнямі тысяч чыноўнікаў. Як мне падаецца, нашмат больш важны «Белтэлеком». Які не проста саўдзельнік, ён блакуе інтэрнэт і пазбаўляе людзей права на атрыманне інфармацыі. Калі б «Белтэлекам» апынуўся ў санкцыйным спісе, гэта было значна важней.
На дадзены момант у Беларусі амаль тысячы палітычных вязняў. У санкцыйным спісе ЕЗ каля сотні паслугачоў Лукашэнкі. Гэта несправядліва, зазначаюць грамадзяне ды эксперты. Гучаць галасы пра неабходнасць пашырэння санкцый.
Юры Ліхтаровіч