Беларуская Служба

Апытанне: 48% палякаў за тое, каб Польшча дапамагала апанентам Пуціна

02.11.2022 13:01
Пытанне падтрымкі расійскіх дысідэнтаў цесна звязанае з палітычнымі поглядамі апытаных.
МаскваPAP/EPA/MAXIM SHIPENKOV

Паводле вынікаў апытання, праведзенага Інстытутам IBRIS, 48 працэнтаў апытаных палякаў выказаліся за тое, каб Польшча прымала і дапамагала актывістам расійскай апазіцыі – апанентам Пуціна, 42,5% апытаных – супраць, паведамляе «Rzeczpospolita».

Газета нагадвае, што ў пятніцу, 4 лістапада, ля Варшавы адбудзецца сустрэча былых расійскіх палітыкаў, праціўнікаў Уладзіміра Пуціна, якія засядалі ў парламенце або выконвалі функцыі ў мясцовым самакіраванні. Удзельнікі абмяркуюць перспектывы будучыні Расіі пасля заканчэння ўлады Уладзіміра Пуціна.

IBRiS запытаўся ў польскіх рэспандэнтаў: «Ці павінна Польшча прымаць і дапамагаць актывістам расійскай апазіцыі, апанентам Пуціна?». Паводле вынікаў, 48 працэнтаў апытаных адказалі на згаданае пытанне: «так», у тым ліку «дакладна так» – 15,4 працэнта, а «хутчэй за ўсё, так» – 32,6 працэнта. У сваю чаргу 42,5 працэнта апытаных выказаліся супраць такой дапамогі. У тым ліку – рашучы супраціў выказалі 23 адсоткі з іх. У 9,5 працэнта ў апытаных не было канкрэтнага меркавання па гэтай справе.

Паводле выдання «Rzeczpospolita», пытанне падтрымкі расійскіх дысідэнтаў цесна звязанае з палітычнымі поглядамі апытаных. Найменш ахвочых дапамагаць расійскай апазіцыі фіксуецца сярод выбаршчыкаў кіроўных правых сілаў – 35 працэнтаў з іх «за» і 65 працэнтаў «супраць». У групе апазіцыйных выбаршчыкаў 52 працэнты лічаць, што трэба дапамагаць апанентам Пуціна, а 36 працэнтаў прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання. У сваю чаргу апытаныя, якія не вызначыліся са сваімі палітычнымі поглядамі, падзеленыя ў ацэнках амаль на палову – 46 працэнтаў «за» і 45 працэнтаў «супраць».

аз