Цяперашняя роля Дзмітрыя Мядзведзева – былога прэзідэнта Расіі – гэта прыніжэнне і цень былога «дэмакрата», звядзенне яго да ролі радавога салдата крамлёўскай прапаганды, а ягоныя тэзісы – праява комплексаў у адносінах да палякаў, – ацаніў Станіслаў Жарын, міністр Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы.
У чацвер Мядзведзеў у сацыяльных сетках напісаў, што «спадкаемцы Рэчы Паспалітай» займаюцца «дробнай лухтой»: «альбо забяруць базу адпачынку расійскага пасольства, ці пачнуць будаваць плот на нашай мяжы», – напісаў ён у Telegram.
Мядзведзеў адзначыў, што гэта адбываецца напярэдадні Дня народнага адзінства Расіі – 4 лістапада – гадавіны выгнання палякаў з Крамля ў 1612 годзе.
Паводле Жарына, гэты вельмі агрэсіўны ў дачыненні да палякаў і Польшчы тэкст Мядзведзева ўпісваецца ў стыль яго дзеянняў у апошнія месяцы – ён адзін з самых агрэсіўных прапагандыстаў Крамля сярод расійскіх палітыкаў.
«У мяне такое ўражанне, што гэты апошні допіс у сацсетках дэманструе нейкія комплексы ў дачыненні да Польшчы, бо ён сам згадвае, што палякі – як адзіная нацыя – заваявалі Крэмль і мелі тут свайго ўладара», – падкрэсліў Жарын.
«Відавочна, што ў Крамлі да нас ставяцца як да ворагаў, таксама ёсць спроба ўладаў і крамлёўскіх прапагандыстаў стварыць варожасць у расійскім грамадстве», – адзначыў намеснік міністра – каардынатар спецслужбаў. «На жаль, гэта ўпісваецца ў шматгадовую традыцыю імперскай палітыкі Расіі, накіраванай таксама і на Польшчу», – дадаў ён.
Станіслаў Жарын падкрэсліў, што дзеянні супраць Польшчы сканцэнтраваны на гібрыдных дзеяннях. «Але мы павінны ўсведамляць, што гэта тая самая нянавісць, якая падштурхнула Расію напасці на Украіну – нянавісць, падмацаваная імперыялістычнымі памкненнямі, якія ўсё яшчэ культывуюцца ў Расіі», – сказаў Жарын.
Міністр у канцылярыі прэм'ер-міністра таксама звярнуў увагу на змену тактыкі Мядзведзева, нагадаўшы, што ў 2008 годзе Мядзведзеў быў прадстаўлены ў расійскай прапагандзе зусім па-іншаму – як твар дэмакратыі і мадэрнізацыі краіны.
«Тады быў створаны нейкі выгляд і ілюзія, што Расія будзе ісці ў бок дэмакратычных каштоўнасцяў, і Мядзведзеў быў той фігурай, якая падавалася як больш дэмакратычны ці ліберальны твар краіны», – нагадаў ён.
«Сёння бачна, што да яго ставіліся як да звычайнай пешкі ў гульні маскоўскай прапаганды. Перад ім паставілі зусім іншыя мэты, якія робяць яго адным з самых агрэсіўных расійскіх прапагандыстаў і цяпер ён вядзе наступальныя, агрэсіўныя дзеянні ў адносінах да Польшчы, але і ў адносінах да ўсяго Захаду», – кажа Жарын.
PAP/ав