У тыднёвым выданні Polityka разважанні на тэму прыроды нацыяналізму. Свет у поўнай роспачы назірае за развіццём расійскага нацыяналізму, які перараджаецца ў сапраўдны фашызм. Але, у прынцыпе, у шматлікіх месцах на свеце нацыяналізм вяртаецца ў палітыку, жэніцца з папулізмам, стварае правадыроў, якія хочуць вярнуць сваім народам «веліч». Пуцін, Трамп, Балсанару, Качыньскі, Ле Пэн, Сі, Эрдаган ды іншыя. Гэтыя лідары як правіла не маюць прыхільнікаў, а маюць паслядоўнікаў – лаяльных, устойлівых на крытыку, якія «гараць» святым агнём.
Далей аўтар артыкулу спрабуе разабрацца, чаму нацыяналізм на столькі прывабны для жыхароў самых розных краін, што ён рэгулярна вяртаецца. Псіхалагічная карысць для шматлікіх людзей аказваецца значна большай, чым страты ад патэнцыйнай злачыннасці нацыяналізму, асабліва калі ён аб’яднае свае сілы з фашызмам або камунізмам.
Выданне называе дзесяць прычын, па якіх нацыяналізм прывабны для шматлікіх людзей, і чаму розныя народы рэгулярна наступаюць на адны і тыя ж граблі. Па-першае, ён дае прыемнае пачуццё прыналежнасці, маўляў, я лепшы за іншых, бо я – паляк (расіянін, немец і г.д.). Апрача таго, ён павышае эга людзей і дае ім аўтарытэт, на якога яны могуць раўняцца (моцны лідар). Дзякуючы нацыяналізму, жыхары дадзенай краіны атрымліваюць прывабную гістарычную казку пра асаблівую ролю нашага народу і выдатныя перамогі або незаслужаныя пакуты, якія мы са стаіцызмам пераносілі.
Чарговая прычына, чаму нацыяналізм заваёўвае розумы і сэрцы людзей – ён дазваляе адчуваць, што навокал парадак і аддзяліць дабро ад зла. На жаль, для чалавека характэрная разумовая лянота – калі ён ужо «інвестуе» у нейкае перакананне, яму цяжка з ім расстацца. Нацыяналізм знаходзіць супольную мову з рэлігійным светапоглядам, між іншым таму, што верыць у натуральны парадак свету. Чалавек не любіць усведамляць сабе, што ён – толькі пылінка на арэне гісторыі, яму хочацца быць часткай нейкага важнага ланцуга. Лякарствам на страх смерці можа стаць пачуццё прыналежнасці да супольнасці, пачуццё падтрымкі з боку іншых людзей. Нацыяналізм дае пачуццё сувязі з продкамі і нашчадкамі, удзелу ў важнай гісторыі, а не толькі прысутнасці ў ёй.
Гэтыя, а таксама некалькі іншых прычын прыводзяць да папулярнасці нацыяналістычных ідэй, якія, меркаваннем даследчыкаў, у нашыя часы выкарыстоўваюцца на лакальным узроўні як правіла дзеля ўнутранай барацьбы за ўладу.
нг