Беларуская Служба

Падрыхтоўка да дзяржаўнага перавароту ў Германіі: след расійскіх спецслужбаў

09.12.2022 17:42
Расія зацікаўленая ў дэстабілізацыі як Германіі, так і іншых краін Еўропы, каб яны канцэнтравалі ўвагу на ўнутраных праблемах, а не на вайне Расіі супраць Украіны.
Аўдыё
  • Падрыхтоўка да дзяржперавароту ў Германіі
   25
Нямецкая паліцыя арыштавала 25 чалавек фота: PAP/EPA/Filip Singer

У сераду ў Германіі прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні членаў экстрэмісцкай групы, якая рыхтавала дзяржаўны пераварот у краіне. Сярод іх – між іншым былая дэпутатка бундэстагу ад правай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Біргіт Малсак-Вінкеман, былыя ваенныя і антываксеры. Пакінуўшы бундэстаг, Малсак-Вінкеман вярнулася ў Берлінскі акруговы суд у якасці суддзі. У чэрвені гэтага года берлінскі сенатар па пытаннях юстыцыі падала прашэнне аб часовым звальненні суддзі.

Нямецкія ўлады прынялі таксама меры супраць чальца дваранскай сям'і і былых чальцоў «камандавання брыгады спецпрызначэння» узброеных сілаў ФРГ. На думку пракуратуры, прынц Генрых XIII – цэнтральная фігура групы загаворшчыкаў, у якую ўваходзяць так званыя «рэйхсбюргеры» – людзі, якія не прызнаюць легітымнасці Федэратыўнай Рэспублікі Германіі і імкнуцца ўвесці манархію. Прынц паходзіць са старажытнага дваранскага роду, які кіраваў тэрыторыяй тагачаснай Цюрынгіі да рэвалюцыі 1918 года. У сямʼі ёсць замкі ў некалькіх месцах Германіі. Падчас дзяржперавароту планавалася ўзяць штурмам будынак райхстагу, а нават забіць прадстаўнікоў кіроўнай эліты Германіі. Генрых XIII і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя, сярод іх, у прыватнасці, грамадзянка Расіі.

Немагчыма не правесці паралелі паміж падрыхтоўкай дзяржперавароту ў Германіі з падобнымі спробамі дэстабілізацыі сітуацыі ў іншых дзяржавах, між іншым ва Украіне яшчэ перад пачаткам поўнамаштабнай вайны. Нельга сумнявацца, што ў справу замешана расійская выведка – ФСБ, – заявіў дэпутат украінскага парламенту, ініцыятар стварэння абʼяднання «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка.

- Сярод змоўшчыкаў – адзін дэпутат бундэстагу ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» – гэта тыя самыя, што любяць Пуціна. Сувязяў з Расіяй больш, галоўны арганізатар – былы дэсантнік, а з ім – грамадзянка Расіі. Яна быццам бы выходзіла на сувязь з Расіяй. Расійскае пасольства заявіла, што яны тут ні пры чым, хаця іх яшчэ і не пыталі. А хто гэтыя людзі? Ёсць у Германіі такі рух – «рэйхсбюргеры» (грамадзяне рэйха) – ён існуе яшчэ з 80-ых гадоў. Да іх заўсёды ставіліся проста як да дзівакоў. Яны не прызнаюць ніякага ФРГ, выпускаюць нейкія свае дакументы, адным словам, забаўляюцца як могуць. Да іх ставіліся як да гарадскіх вар’ятаў. Відаць, гэтых вар’ятаў знайшла ФСБ і схіліла да зусім іншых дзеянняў. Мы пра гэта ведаем. Памятаеце Адэскую Народную Рэспубліку, якую ён (Пуцін – рэд.) спрабаваў стварыць у Адэсе, яны збіралі былых афганцаў, давалі ім зброю, грошы, яны павінны былі забіць мяне падчас спробы дзяржперавароту ў 2015 годзе. Почырк немагчыма пераблытаць, таму зразумела, хто стаіць за гэтай гісторыяй.

Вялікі маштаб пранікнення расійскіх спецслужбаў у структуры заходніх дзяржаваў можна ацаніць больш дэталёва толькі цяпер, калі ідзе вайна ва Украіне. Пра гэта заявіў прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна. У інтэрвʼю Польскаму радыё 24 ён адзначыў, што неабходна рашуча супрацьстаяць расійскай прапагандзе і дэзынфармацыі.
У кантэксце арыштаў членаў экстрэмісцкай арганізацыі ў Германіі, Лукаш Ясіна падкрэсліў, што няма доказаў прамой сувязі групы затрыманых тэрарыстаў з Расіяй, але дэстабілізацыя нямецкай палітычнай сцэны была б вельмі выгадная ўладам у Крамлі, паколькі яны дабіваюцца змяншэння ваеннай і эканамічнай падтрымкі Украіны з боку самай багатай дзяржавы Еўрапейскага Саюзу. А Польшча зацікаўленая ў адваротным.

- Польшча і палякі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб Германія памяняла свой падыход і каб яна яшчэ больш дапамагала Украіне. Мы б хацелі, каб Германія была важным фактарам стабільнасці ў Еўропе. Гэта вельмі важна, хацелася б пажадаць нашым нямецкім саюзнікам, каб сітуацыя ў Германіі была стабільная, непахісная, і каб яе ўдзел у ратаванні Еўропы ад расійскай агрэсіі быў на многа большы.

У сваю чаргу Расія зацікаўленая ў дэстабілізацыі як Германіі, так і іншых краін Еўропы, каб яны канцэнтравалі ўвагу на ўнутраных праблемах, а не на вайне Расіі супраць Украіны. І падрыхтоўка спробы дзяржаўнага перавароту ўпісваецца ў такі сцэнар.
нг