Беларуская Служба

На мяжы Польшчы з Украінай – сотні аўто. Ці пачынаецца новая хваля ўцекачоў?

10.12.2022 05:04
Прычынай чарговай хвалі бежанцаў, якія прыбываюць у Польшчу, могуць стаць масіраваныя абстрэлы Расіяй украінскіх гарадоў і крытычнай інфраструктуры.
Польшча прыняла некалькі мільёнаў уцекачоў з Украіны shutterstock.com

На мяжы Польшчы з Украінай – чэргі з сотняў аўтамабіляў. Ці пачынаецца новая хваля ўцекачоў? – задае пытанне Gazeta Wyborcza.

На ўкраінска-польскай мяжы зноў з'явіліся чэргі. Памежнікі паведамляюць пра павелічэнне колькасці ўкраінцаў, якія перасякаюць мяжу з Польшчай.

Найбольшыя чэргі зафіксаваныя ў пунктах пропуску «Кракавец» і «Рава-Руская», паведамляе Заходняе рэгіянальнае ўпраўленне Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Памежнікі інфармуюць пра павелічэнне колькасці выездаў з Украіны. Толькі за мінулыя суткі Украіну пакінулі 36 тыс. чалавек. З іх 22 тыс. перасеклі мяжу з Польшчай, астатнія адправіліся ў іншыя краіны ЕС і Малдову.

Польшча прагназуе, што ў краіну можа прыбыць новая хваля ўкраінскіх бежанцаў. У канцы лістапада ў краіне была зафіксаваная самая вялікая колькасць бежанцаў з Украіны за многія месяцы. Як паведаміў люблінскі ваявода Лех Спраўка, за дзень гэтая лічба дасягнула больш за тысячу чалавек.

Прычынай чарговай хвалі бежанцаў, якія прыбываюць у Польшчу, могуць стаць масіраваныя абстрэлы Расіяй украінскіх гарадоў і крытычнай інфраструктуры. На думку ваяводы, да спісу можна дадаць і нізкія тэмпературы зімой, якія могуць ускладніць жыццё ва Украіне.

«Ва ўмовах набліжэння маразоў Украіна знаходзіцца на мяжы гуманітарнай катастрофы, і магчымасць далейшых абстрэлаў толькі ўзмоцніць гэты крызіс», – гаворыцца ў паведамленні польскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Паводле спецыялістаў, да зімы да 2-3 млн украінцаў пакінуць свае дамы ў пошуках новага жылля, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс