– Палякі не сумняваюцца, што неабходна працягваць узбройваць украінскіх жаўнераў, якія ваююць супраць расійскай агрэсіі, – піша ў пятніцу «Rzeczpospolita». У апытанні IBRiS для Rzeczpospolita 77,5 працэнта рэспандэнтаў падтрымліваюць перадачу зброі і ўзбраення ўкраінскім вайскоўцам.
Штодзённік нагадвае, што дагэтуль кошт зброі і ўзбраення, якія Польшча адправіла ва Украіну, перавысіў 2 мільярды долараў. «Польшча знаходзіцца ў авангардзе краін, якія падтрымліваюць украінскіх вайскоўцаў. Паводле звестак Інстытута сусветнай эканомікі ў Кілі, краіна знаходзіцца на чацвёртым месцы з заяўленай сумай у 1,82 мільярда еўра на ўзбраенне ўсходняга суседа», – чытаем у выданні.
Апытанне IBRiS паказвае, што 77,5% рэспандэнтаў выступаюць за перадачу зброі і ўзбраення ўкраінскім вайскоўцам, 18,3% – супраць, і толькі 4,2% не маюць свайго меркавання.
У Міністэрстве нацыянальнай абароны штодзённіку заявілі, што «з меркаванняў бяспекі» не ўдакладняюць, якую тэхніку адправілі ва Украіну. Пры гэтым у Міністэрстве нацыянальнай абароны паведамілі, што першыя дзеянні ў галіне ваеннай падтрымкі Украіны Польшча распачала яшчэ да расійскага ўварвання ў гэтую краіну.
ав/Rzeczpospolita