У выданні Rzeczpospolita на гэтым тыдні падрыхтаваны дадатак пад назваю «Новая нармальнасць. Прагнозы на 2023 год». У яго ўваходзяць артыкулы на розную тэматыку, немагчыма прывесці ўсе, але з іх вынікае асноўная выснова: у новым годзе хутчэй за ўсё сітуацыя на свеце не будзе значна лепшай, калі не будзе горшай. Шмат залежыць ад вынікаў вайны ва Украіне і яе працягласці.
Каментатары пішуць, што можа працягнуцца эпоха сюрпрызаў – у кожным значэнні гэтага слова. Эканоміка: прадпрыемствы павінны рыхтавацца да чарговых паваротаў, паколькі могуць здарацца падобныя сітуацыі, як у мінаючым годзе, калі ў вельмі хуткім часе многія фірмы былі прымушаныя пакінуць расійскі рынак, калі пачалася вайна Расіі супраць Украіны.
Усе згодным хорам пішуць, што сёння вельмі цяжка прадбачыць, што здарыцца ў будучым годзе. Лягчэй пісаць пра тое, што напэўна не здарыцца. Рэдактар эканамічнага аддзелу газеты Томаш Адамчык мяркуе, што не будзе локдаўну. Палякі – непакорлівы народ, яны добра памятаюць, як сядзелі ў ізаляцыі, а палітыкі прыходзілі з кавідам галасаваць у парламент або рабілі вечарынкі. У Польшчы немагчымая жорсткая кітайская мадэль.
Не будзе вяртання да цалкам офіснай працы. Людзям спадабалася дыстанцыйная праца, або яе гібрыдная разнавіднасць. Усе задаволеныя – і працаўнікі, якія эканомяць час і грошы на падарожжа на працу, і наймальнікі, якія эканомяць на электрычнасці і вадзе. Не будзе таксама вяртання рынку працаўнікоў. Ужо цяпер рынак працы не расце так хутка, як год ці пару гадоў таму, а з часам тармажэнне будзе яшчэ большым. У працоўных прапановах змогуць перабіраць толькі выбітныя спецыялісты, асабліва айцішнікі. Для іншых добрыя часы закончацца.
У сваю чаргу галоўны рэдактар выдання Багуслаў Хработа піша, што наша жыццё ў будучым годзе шмат у чым залежыць ад вынікаў вайны ва Украіне і ад таго, ці не пачнуцца ўзброеныя канфлікты ў іншых рэгіёнах свету, напрыклад, Тайвані. Аптымістычны сцэнар – Расія вырашыць нейкім чынам закончыць вайну, а Кітай вайны не распачне. Тады пачалася б адбудова Украіны і новыя інвестыцыі ў сусветнай эканоміцы.
Аднак больш рэалістычны іншы сцэнар – эскалацыя канфлікту на ўсходзе, пашырэнне санкцый, рост інфляцыі, гонка ўзбраенняў. Можна спадзявацца вялікіх укладанняў у рынак узбраення, але таксама скарачэння інвестыцый у такіх галінах, як экалогія, барацьба з кліматычнымі зменамі ці зялёная трансфармацыя.
нг