Беларуская Служба

«У Расіі ўсё менш сродкаў на агрэсіўную палітыку»

28.12.2022 14:44
Нельга адмяняць санкцый супраць Расіі, калі яны дзейнічаюць, лічыць прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна.
Аўдыё
  • У Расіі ўсё менш сродкаў на агрэсіўную палітыку
-
Прэс-сакратар польскага Міністэрства замежных спраў Лукаш ЯсінаŁukasz Jasina, źródło: MSZ

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб мерах у адказ за ўвядзенне эканамічных санкцый Захаду. Да гэтай пары Еўрасаюз прыняў дзевяць пакетаў санкцый супраць Расіі за вайну супраць Украіны. Нагадваем, нядаўна прыняты пакет, між іншым, уводзіць максімальную цану на расійскую нафту на ўзроўні 60 долараў за барэль.

Прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна(Łukasz Jasina), які быў госцем Польскага радыё 24 лічыць, што крок Пуціна – гэта доказ таго, што санкцыі становяцца для Расіі балючымі:

- Калі нейкая краіна з’яўляецца бензазаправачнай станцыяй Еўропы, як калісьці назваў яе нямецкі канцлер Гельмут Шміт; калі ейная эканоміка не ўмее абысціся без сыравіны, якую яна выкарыстоўвае ў якасці палітычнага аргумента – выбіваючы цэны, прымушаючы іншых да пакупак і шантажуючы асобныя краіны, то можна было спадзявацца, што згаданыя краіны пачнуць абараняцца ад гэтага шантажу. Санкцыі працуюць, інакш Пуцін не помсціў бы. Я сумняваюся ў тым, што расійскія адказы на санкцыі спрацуюць, паколькі гэта Расія больш зацікаўленая ў продажы нафты. Мы змаглі знайсці іншыя крыніцы паставак, якія паступова робяць нас незалежнымі ад Расіі.

З моманту ўвядзення ліміту цана на нафту ўпала прыкладна на 10 долараў за барэль. Гэта рэальна менш грошай у расійскім бюджэце на працягванне агрэсіўнай палітыкі:

- Расія спрабуе паказаць, што сітуацыя пад кантролем, што яна здольная на крокі ў адказ. Варта нагадаць, наколькі важная ўнутраная прапаганда ў Расіі і пераконванне грамадзян, што ўсё быццам бы ідзе па плане. На жаль, расіяне вераць гэтай прапагандзе. Гэта засмучвае, паколькі без гэтай падтрымкі Пуцін не змог бы заставацца пры ўладзе.

Прыродны газ таксама самы танны за паўгода, але пра поспех пакуль рана гаварыць, лічыць прадстаўнік польскага МЗС:

- Наперадзе ў нас яшчэ тры месяцы зімы. Пакуль мы спраўляемся, газавыя сховішчы застаюцца запоўненымі. У наступным годзе Baltic Pipe запрацуе ў поўным памеры і мы будзем у большай ступені незалежнымі ад Расіі.

Лукаш Ясіна нагадаў, што пакуль Расія не адмаўляецца ад вайны, у тым ліку дыслакуе сілы ў Беларусі.

Падпісаны ў аўторак кіраўніком РФ дакумент забараняе пастаўкі расійскай нафты замежным юрыдычным і фізічным асобам, калі ў кантрактах на гэтыя пастаўкі прадугледжанае ўвядзенне максімальнага кошту. Указ расійскага прэзідэнта ўступіць у сілу з 1 лютага 2023 года. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 1 ліпеня 2023 года. Тэрмін увядзення абмежаванняў на пастаўкі нафтапрадуктаў урад РФ пакуль не вызначае.

У аўторак міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў прызнаў, што з-за цэнавых абмежаванняў Захаду экспартная выручка Расіі можа ўпасці, а дэфіцыт бюджэту можа перавысіць планаваны ўзровень у 2 працэнты ВУП.

Надоечы Украіна падала заяўку на выключэнне Расіі з Савета бяспекі ААН. Зразумела гэта немагчымае, паколькі такую заяўку павінна была б падтрымаць сама Расія. Аднак паводле Лукаша Ясіны, не такая мэта ўкраінскіх дзеянняў:

- Варта нагадаць, што ў міжнародным праве ёсць такія магчымасці. Варта нагадаць, якім чынам Расія заняла месца Савецкага Саюза ў Савеце бяспекі ААН на пачатку 1990-х гадоў. Перш за ўсё, варта падымаць на гэтым важным форуме пытанне парушэнняў Расіяй міжнароднага права. Варта нагадваць, што Расія здзяйсняе ваенныя злачынству ва Украіне. Нават, калі Расіі не ўдасца выцесніць з савета, то свет даведаецца больш пра яе дзеянні. Гэта таксама поспех, паколькі ў некаторых кутках свету расійская прапаганда дзейнічае выдатна. Там Расія не ўспрымаецца як агрэсар.

Зараз цяжка казаць пра магчымыя сцэнары вайны ва Украіне, лічыць прэс-сакратар польскага МЗС:

- Гэтая вайна працягваецца. Яна не закончылася цягам некалькіх месяцаў, як на пачатку прадугледжвалі аптымісты. Пакуль Расіі не ўдалося перамагчы. Украінцы яшчэ не перамаглі. Працягваецца ўзброены канфлікт і ўсе праблемы з ім звязаныя – пагроза бяспецы ў нашым рэгіёне, іншыя крызісы, да якіх ён прычыніўся. Шмат сведчыць пра тое, што ў 2023 годзе яны будуць працягвацца, выклікаючы страх і непакой. Я хацеў бы быць аптымістам і запэўніць, што вайна хутка скончыцца, але гэтага не можа зрабіць ніхто адказны.

Пад увагу бяруцца розныя сцэнары дадаў Лукаш Ясіна. Палітык нагадаў, што Польшча ў авангардзе, калі гаворка ідзе пра дапамогу Украіне:

- Варта нагадаць, што калі вайна пачыналася, то мы не былі ўпэўненыя, што гэтая дапамога наогул будзе, ці Еўропа акажа сваю дапамогу. Мы самі былі станоўча здзіўленыя рэакцыяй польскага народу, які дапамог Украіне. Падсумоўваючы, калі гаворка ідзе пра дапамогу Украіне ёсць добра, але заўсёды магло б быць лепш. Варта памятаць пра тое, што кожны пакет санкцый, ці кожная дапамога Украіне папярэджаныя сур’ёзнымі перамовамі на еўрапейскім форуме, якія не заўсёды даюць неадкладны вынік. У Еўропе шмат людзей думае, што гэтую вайну трэба хутка закончыць і вярнуцца да бізнесу з Расіяй. Гэта як магутныя бізнесмены, палітыкі, так і звычайныя людзі. Аднак на гэткі падыход нельга пагаджацца. Калі санкцыі дзейнічаюць, то навошта мяняць палітыку ў дачыненні да Расіі на больш прыхільную. Трэба працягваць цяперашнюю.

- пераконвае прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна.

PR24/аз

Сацапытанне: Палякі не сумняваюцца, што неабходна працягваць узбройваць украінскіх жаўнераў

23.12.2022 11:16
У апытанні IBRiS для Rzeczpospolita 77,5 працэнта рэспандэнтаў падтрымліваюць перадачу зброі і ўзбраення ўкраінскім вайскоўцам.

Павал Усаў пра 2022 год: Перыяд змагання за Беларусь мы прайгралі

28.12.2022 09:17
«Відавочная абсалютная дамінацыя Лукашэнкі, якая выразілася ва ўвядзенні новай Канстытуцыі і законаў, якія знішчаюць рэшткі магчымасцяў функцыянавання апазіцыі ці альтэрнатыўнага светапогляду».