Украінскія ўзброеныя сілы могуць увайсці на тэрыторыю Расіі.
– Калі гэта будзе патрэбна для абароны нашай краіны, мы там акажамся. І не будзем нікога пытаць. Усе гэтыя размовы пра тое, што не трэба нікога раздражняць – глупства, - сказаў Аляксей Данілаў выданню Kyiv Post, аб чым піша Rzeczpospolita.
Такім чынам Данілаў адказаў на пытанне, ці можа ўкраінская армія ўвайсці на тэрыторыю Расіі для абароны Украіны.
Згодна з расійскай вайсковай дактрынай, у выпадку пагрозы расійскай тэрыторыі, Масква можа нанесці прэвентыўны ядзерны ўдар, нават калі яе такой зброяй не атакуюць.
Данілаў таксама агучыў рэакцыю Украіны на магчымае ўступленне Беларусі ў вайну. Паводле яго слоў, гэтая краіна «акупаваная Расійскай Федэрацыяй».
– Расейская армія там паводзіць сябе як дома. Калі будзе прынята рашэнне, не дай Бог, што Беларусь пачне ваенную аперацыю, тады мы адрэагуем. Лукашэнка разумее, што калі ён гэта зробіць, то ў бліжэйшы час яго чакае смерць. Гэтага яму ніхто ні ў свеце, ні ва Украіне, ні ў Беларусі не даруе, – дадаў Данілаў.
Паводле ягоных словаў, хоць пакуль няма прыкметаў непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны, але Расія працягвае ціск на Лукашэнку.
- Да гэтага часу дамоўленасці не дасягнутыя. Але гэта не значыць, што Пуцін не будзе спрабаваць ціснуць на Лукашэнку ў будучыні. Гэта не першая спроба Пуціна ўцягнуць Лукашэнку ў гэтую «крывавую мясарубку», якую Расія запусціла 24 лютага, – адзначыў Аляксей Данілаў.
нг