Штурм на дэмакратыю – пад такім загалоўкам Gazeta Wyborcza апісвае падзеі, якія адбываліся ў Бразіліі. У нядзелю ў сталіцы гэтай дзяржавы ўдалося разагнаць нападаючых, якія атакавалі Прэзідэнцкі палац і Вярхоўны суд. Тым не менш, піша выданне, дэмакратыя і прававая дзяржава знаходзяцца пад пагрозай.
Натоўп прыхільнікаў былога прэзідэнта Жаіра Балсанару некалькі гадзін штурмаваў будынкі важнейшых устаноў у Бразіліі. Радыкалы не могуць змірыцца з паразай свайго кандыдата на выбарах. Сілавікі справіліся з натоўпам прыкладна за чатыры гадзіны, арыштоўваючы некалькі сотняў удзельнікаў хваляванняў.
Новы прэзідэнт Луіс Инасіу Лула да Сілва абвінаваціў у падштурхоўванні да атакі свайго папярэдніка Жаіра Балсанару, які заяўляў, што вынікі выбараў былі фальсіфікаваныя. «Дэмакратыя гарантуе права на свабоду меркавання, але патрабуе ад людзей пашаны права. Віноўнікаў трэба прыцягнуць да адказнасці», – заявіў Лула да Сілва.
Балсанару на працягу чатырох гадоў свайго тэрміну «псаваў» дэмакратыю ў Бразіліі, а пасля паразы на выбарах ён заахвочваў сваіх прыхільнікаў да бунту, хаця сам выехаў на Фларыду, каб не ўдзельнічаць у інаўгурацыі галавы дзяржавы. Калі Балсанару абвінавацяць у спробе дзяржаўнага перавароту, у ЗША ўзнікне дылема – ці ануляваць яго візу і дэпартаваць, калі гэтага будзе патрабаваць Бразілія.
Падобная сітуацыя, як у Бразіліі, здарылася два гады таму ў Злучаных Штатах, дзе прыхільнікі Дональда Трампа зладзілі штурм на Капітолій. Калі два гады таму прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што гэта ўнутраная справа Амерыкі, то цяпер ён напісаў: «Дэмакратычныя інстытуты, у тым ліку выбары, гэта святое. Прэзідэнт Лула перамог і яго падтрымлівае дэмакратычны свет, у тым ліку Польшча», – адзначыў Дуда.
Каментатар выдання піша: гісторыя вучыць, што ўлада, атрыманая ў выніку дзяржаўнага перавароту, становіцца злачыннай уладай. У Бразіліі дэмакратыя перамагла, але непакоіць тое, што ўсё часцей падобныя сітуацыі здараюцца на свеце, дрэнны прыклад, які ідзе ад Трампа, пераймаюць дэмагогі ў розных краінах.
нг