У панядзелак, 9 студзеня, міністр нацыянальнай абароны, віцэ-прэм’ер Польшчы Мар’юш Блашчак у Беластоку прадставіў канцэпцыю стварэння новай дывізіі (фотарэпартаж). Яна атрымае назву 1-й Пяхотнай дывізіі імя Легіёнаў. Па структуры ваеннае фармаванне будзе аналагічным механізаваным дывізіям, якія ўжо існуюць у польскай арміі. Дывізія стане пятым па ліку буйным тактычным злучэннем Войска Польскага.
Прэзентацыя канцэпцыі новай дывізіі нездарма прайшла ў Беластоку, таму што Польшча працяглы час узмацняе ўсходнюю частку краіны з-за агрэсіўнай палітыкі Расіі.
Новая 1-я Пяхотная дывізія імя Легіёнаў будзе аснаджаная найлепшай ваеннай тэхнікай і ўзбраеннем, якое знаходзіцца ў Войску Польскім, сказаў Мар'юш Блашчак.
- Дывізія будзе ўзброеная сучаснай тэхнікай. 16-я механізавая дывізія будзе ўзброеная перш за ўсё танкамі К2, 18-я механізаваная – амерыканскімі «Абрамсамі», а 1-я атрымае як танкі К2, так і «Абрамсы». Мы хочам максімальна выкарыстаць сучасную зброю, пастаўкі якой ужо пачаліся. Нагадаю, першыя экзэмпляры танкаў К2 ужо знаходзяцца ў польскай арміі. Пастаўкі «Абрамсаў» пачнуцца сёлета.
Польскія ўлады не скрываюць, што ўзмацняюць сваю армію ў адказ на захопніцка-агрэсіўную палітыку Крамля і спробы Масквы адрадзіць імперыю.
- Расія – гэта імперыя зла. Задачай польскіх улад зʼяўляецца стварэнне моцнага Войска Польскага, каб агрэсар нават не думаў напасць на нашу краіну.
Па структуры 1-я Пяхотная дывізія імя Легіёнаў будзе аналагічная 16-й і 18-й механізаваным дывізіям, якія ўжо існуюць у польскай арміі.
- Новая дывізія будзе падобная на 18-ю, якая знаходзіцца ў працэсе фармавання, і 16-ю, якая цяпер праходзіць рэарганізацыю. Усе тры дывізіі арганізаваныя паводле так званай сістэмы чацвёрак: у кожнай дывізіі – чатыры брыгады, у кожнай брыгадзе – чатыры батальёны.
У дывізію на ўзбраенне, акрамя згаданых танкаў К2 карэйскай вытворчасці і амерыканскіх «Абрамсаў», паступяць таксама самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі К9 карэйскай вытворчасці, рэактыўныя сістэмы залпавага агню WR-40 Langusta і самаходныя мінамёты Rak польскай вытворчасці.
Стварэнне дывізіі дазволіць больш эфектыўна стрымліваць патэнцыйнага агрэсара і падрыхтаваць больш паспяховую абарону ў выпадку магчымага нападзення, лічаць у Міністэрстве абароны Польшчы.
Часткі дывізіі будуць раскватараваныя на тэрыторыі Падляскага ваяводства, якое мяжуе з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі. Камандаванне і штаб 1-й Пяхотнай дывізіі імя Легіёнаў будзе знаходзіцца ў горадзе Цяханаў з насельніцтвам у 50 тыс. чалавек, які размешчаны ў 100 км на поўнач ад Варшавы. Там жа плануецца размясціць танкавы батальён, які ўвойдзе ў склад дывізіі.
Агулам у склад тактычнага злучэння ўвойдуць тры механізаваныя брыгады і адна артылерыйская.
Віцэ-прэмʼер Блашчак згадваў дзве дывізіі – 16-ю і 18-ю. 16-я Паморская механізаваная дывізія, гісторыя якой сягае 1945 года, таксама раскватараваная на ўсходзе краіны. Яе камандаванне і штаб знаходзяцца ў горадзе Ольштын, які зʼяўляецца адміністрацыйным цэнтрам Вармінска-Мазурскага ваяводства. А гэты польскі рэгіён непасрэдна мяжуе з Калінінградскай вобласцю. Цяпер дывізія праходзіць рэарганізацыю і мадэрнізацыю.
У сваю чаргу 18-я Механізаваная дывізія імя генерала Тадэвуша Бука – гэта адносна маладое тактычнае злучэнне, створанае ў 2018 годзе. Камандаванне і штаб дывізіі знаходзяцца ў Седльцэ – горадзе з насельніцтвам у 80 тыс. жыхароў, размешчаным у 100 км на ўсход ад Варшавы. Складовыя часткі дывізіі дыслакуюцца ва ўсходняй Польшчы, акрамя адной танкавай брыгады, яка размешчаная ў Варшаве.
Новая 1-я дывізія названая ў гонар гістарычных вайсковых фармаванняў, якія змагаліся за незалежнасць Польшчы ў перыяд Першай сусветнай вайны.
Раней паведамлялася, што Польшча прыступіла да сурʼёзнай мадэрнізацыі сваіх узброеных сіл. Улады ў Варшаве не скрываюць, што мадэрнізацыя польскай арміі, у тым ліку бронетанкавых сіл, з’яўляецца вынікам геапалітычнай сітуацыі і перш за ўсё – нападзення Расіі на Украіну.
У бліжэйшы час Польшча плануе закупіць новыя танкі, самаходную і рэактыўную артылерыю, баявыя і школьныя самалёты, а таксама мадэрнізаваць ваенна-марскія сілы, у тым ліку і за кошт новых караблёў, якія будуць пабудаваныя на айчынных верфях.
У канцы 2022 года Войска Польскае налічвала 164 тыс. салдат і афіцэраў. У бліжэйшыя гады Польшча плануе павялічыць колькасць арміі да 300 тыс. вайскоўцаў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл