Усё часцей гучаць галасы аб падтрымцы Кіева ў барацьбе з Расіяй сучаснымі ваеннымі машынамі заходняй вытворчасці. Магчымасці перадачы тэхнікі савецкай вытворчасці звужаюцца ў сувязі з памяншэннем запасаў як саміх танкаў, так і запасных частак, якія ў іх выкарыстоўваюцца. Таму для таго, каб працягваць дапамагаць Украіне тэхнікай, неабходна пачаць адпраўляць тэхніку вытворчасці краін NATO. Польшча сігналізуе аб сваёй гатоўнасці адправіць некалькі танкаў Leopard 2, больш за 230 з якіх знаходзяцца на ўзбраенні Войска Польскага.
Якуб Кумах, кіраўнік аддзелу міжнароднай палітыкі Канцылярыі прэзідэнта Польшчы, у інтэрв'ю заявіў, што гаворка можа ісці пра 10 танкаў, якія на першым этапе будуць выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі ўкраінскіх танкістаў. Таксама гэта было б сігналам для іншых краін, дзе такія машыны ёсць на ўзбраенні, прыняць падобнае рашэнне.
Каб гэта адбылося, на перадачу павінна пагадзіцца Нямеччына, якая дагэтуль скептычна ставілася да пастаўкі Украіне заходняй тэхнікі. Берлін тлумачыў гэта рознымі прычынамі – ад жадання пазбегнуць эскалацыі канфлікту праз пытанні матэрыяльна-тэхнічныя пастаўкі да патрэбаў у забеспячэнні ўласнай арміі.
Па словах інфарматараў Politico з французскіх дыпламатычных колаў, нядаўняе рашэнне прэзідэнта Макрона адправіць партыю колавых машын падтрымкі AMX-10 RC са 105-мм гарматай было жаданнем «падбадзёрыць» немцаў адправіць свае машыны. Гэта паўплывала ўскосна, бо праз некалькі дзён Нямеччына і ЗША вырашылі перадаць Украіне некалькі дзясяткаў бронемашын – Marder і Bradley.
Лондан таксама разглядае магчымасць адпраўкі ва Украіну партыі танкаў Challenger 2. Гэтае рашэнне адкрыла б шлях іншым краінам, якія дагэтуль не наважыліся больш смела падтрымліваць Украіну тэхнікай заходняй вытворчасці. Па дадзеных урадавых крыніц Вялікабрытаніі, першая партыя перададзеных машын таксама будзе ўключаць 10 танкаў.
Захад актывізаваў намаганні па падтрымцы Украіны ў сувязі з інфармацыяй, што Расія праводзіць ціхую мабілізацыю другой хваляй мабілізацыі. Паводле ўкраінскай выведкі, Крэмль хоча набраць яшчэ 500 тысяч салдат, якія павінны стаць асновай вясновага наступу Расіі на Кіеў, піша медыя biznesalert.pl.
вх