Беларуская Служба

Міністр Збігнеў Раў: У МЗС больш няма выпускнікоў расійскага МГИМО

15.02.2023 11:19
Дадзеная ВНУ – гэта была інвестыцыя ў дзейнасць расійскага імперыялізму, частка савецкай мяккай сілы.
Кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Раўфота: MSZ

Сайт Niezalezna.pl друкуе інтэрв’ю з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Раў пра ачыстку польскай дыпламатыі ад выпускнікоў Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў (МГИМО). Сёння размова выйшла ў выданні Gazeta Polska.

Дадзеная ВНУ была інвестыцыяй у дзейнасць расійскага імперыялізму, часткай савецкай мяккай сілы. Выпускнікі павінны былі служыць гэтай імперыі, кажа міністр. І дадае, што ў польскай дыпламатыі вось ужо два месцы, як няма выпускнікоў МГИМО.

Журналісты кажуць, што ў Польшчы не было поўнай дэкамунізацыі, але былі законы аб люстрацыі – адказвае міністр. Першы ў 1998 годзе, потым у 2006-м. Потым, у 2018-м, былі папраўкі ў Закон аб замежнай службе і Закон аб раскрыцці звестак аб дакументах органаў бяспекі. Тады з працай у МЗС развіталася група супрацоўнікаў – 59 чалавек.

У Польшчы праходзілі люстрацыйныя працэсы, быў створаны Інстытут нацыянальнай памяці. Міністэрства замежных спраў было актыўна задзейнічанае ў гэты працэс. «У студзені 2021 года мы пачалі перадаваць файлы ў Інстытут нацыянальнай памяці. Ці адбылася дэкамунізацыя, хай вырашаюць цэнтры фармавання грамадскай думкі. Для мяне важна, што працэс дэкамунізацыі прайшоў у міністэрстве. Гэтыя намаганні былі вынікам пераканання, што Міністэрства замежных спраў з'яўляецца неадʼемнай часткай камуністычнага апарату ўлады. Такім чынам, яно павінна падвяргацца крыху іншаму працэсу дэкамунізацыі», – адзначае міністр.

МГІМО быў часткай вялікага праекту савецкага імперыялізму, ніхто там не раздаваў стыпендыі ад дабрыні душэўнай. Праз выпускнікоў МГІМО савецкая, а потым і расійская дзяржава хацела рэалізаваць свае інтарэсы. «Загадзя было вядома, дзе гэтыя людзі будуць працаваць. Мяне здзівіла, што люстрацыю пачалі раней, а пра гэта зусім забыліся», – кажа Раў. І дадае, што калі ён прыйшоў у міністэрства, то папрасіў спісы (выпускнікоў маскоўскай ВНУ), была група такіх людзей.

«Польшча – прававая дзяржава, таму немагчыма было кагосьці адхіліць ад выканання функцыі, трэба было мяняць закон, і гэта было зроблена. Мы двойчы ўносілі змены ў Закон аб дыпламатычнай службе, але гэтае пытанне было ўрэгулявана 28 красавіка 2022 года. Дазвол на далейшае працаўладкаванне асобы, якая атрымала адукацыю, напрыклад, у замежнай ваеннай ВНУ, але за выключэннем краін-саюзнікаў, дае кіраўнік МЗС. Заключэнне аб адсутнасці супрацьпаказанняў да працы выдае Агенцтва ўнутранай бяспекі. Калі мы пачыналі гэтую працэдуру, працавала 38 выпускнікоў МГИМО. Некаторыя дасягнулі пенсійнага ўзросту, а іншыя проста звольніліся. З 38 чалавек 37 атрымалі адмоўнае рашэнне, то бок застаўся адзін. Большасць з іх працавалі ў Польшчы, а шэсць чалавек – у замежных прадстаўніцтвах. Чатыры чалавекі падалі на нас пазовы ў працоўны суд. Нельга сказаць, што ёсць прамая сувязь паміж заканчэннем МГИМО і службай савецкай ці расійскай дзяржаве ў якасці шпіёна. Аднак вучоба ў ВНУ можа прывесці да паўстання розных сувязяў і чалавек, нават таго не ведаючы, стане інструментам замежнай разведкі», – дадае Збігнеў Раў.

З міністрам замежных спраў размаўлялі Катажына Гойска і Томаш Сакевіч.

нг