Беларуская Служба

Еўрасаюз падводзіць вынікі аказанай Украіне падтрымкі

16.02.2023 11:15
Еўрасаюз перадаў Украіне гуманітарную і ваенную падтрымку на 67 мільярдаў еўра і запэўнівае, што дапамога на гэтым не спыніцца.
Аўдыё
  • Еўрасаюз падводзіць вынікі аказанай Украіне падтрымкі
C
Cесія Еўрапарламента PAP/EPA/JULIEN WARNAND

24 лютага споўніцца год з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Хоць Уладзімір Пуцін не дасягнуў ніводнай са сваіх першапачатковых мэтаў і Украіна ўжо год мужна абараняецца ад агрэсара, а свет ад пачатку аказвае ўкраінцам беспрэсэдэнтную падтрымку, то, як перасцерагаюць, у тым ліку польскія еўрадэпутаты, «трывожны званок для Еўропы надалей гудзіць» і трэба прыкласці больш намаганняў, каб спыніць расійскую аргэсію як мага хутчэй.

«Пуцін прайгрывае энергетычную вайну. Мы паляпшаем эканамічныя прагнозы, а Расія вымушаная распрадавць ЗВР», - заявіла ў Еўрапарламенце кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Напярэдадні гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну ў Страсбургу прайшлі дэбаты еўрадэпутатаў.
Старшыня Еўракамісіі падкрэсліла, што Пуціну не ўдалося рэалізаваць ніводнага са сваіх планаў. Украіна, якая паводле расійскага лідара, павінна была здацца максімальна пасля трох дзён абароны, абараняецца ўжо год і «хутчэй, чым калі-небудзь, набліжаецца да Еўрасаюза».

На думку Урсулы фон дэр Ляен, Расіі не ўдалося таксама ажыццявіць плану энергетычнага шантажу:

- Даходы Расіі ад продажу газу і нафты, асабліва ў Еўропу, скараціліся на дзве траціны. З-за ўвядзення сусветнага ліміту на кошт нафты Расія штодня губляе 160 мільёнаў еўра. Цэны на газ у Еўропе сёння ніжэйшыя, чым да расійскага ўварвання ва Украіну. Мы маглі таксама перагледзець нашыя ранейшыя прагнозы эканамічнага росту. У сваю чаргу Крэмль вымушаны прадаваць рэзервы золата, каб ліквідаваць бюджэтныя дзіркі ў сувязі з меншымі даходамі ад продажу нафты.

Урсула фон дэр Ляен дадала, што вядзецца праца над дзясятым пакетам санкцый супраць Расіі за ўварванне ва Украіну. Ён прадугледжвае, між іншым, забарону на экспарт новых тэхналогій у Расію. Упершыню санкцыі будуць распаўсюджвацца і на кампаніі ў Іране, якія пастаўляюць зброю Крамлю.

Еўрадэпутат ад польскай апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Анджэй Галіцкі(Andrzej Halicki) заявіў, што дзеянняў еўрапейскіх урадаў супраць расійскага ўварвання ўсё яшчэ недастаткова:

- Адкуль бяруцца сумневы адносна эмбарга на ядзерную энергію? Чаму на еўрапейскім рынку надалей дзейнічаюць расійскія кампаніі? Усе ў каго сумневы – гэта прыхільнікі Пуціна. Гэта трэба адназначна падкрэсліць. Я заклікаю ўрады выканаць просьбы, якія да іх накіроўвае Украіна. Усе яны павінны быць рэалізаваныя неадкладна.

У сваю чаргу на думку еўрадэпутата ад польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Бэаты Шыдла(Beata Szydło), уварванне ва Украіну можна было б прадухіліць, калі б краіны Заходняй Еўропы не праігнаравалі ўварвання Расіі ў Грузію ў 2008 годзе:

- Былі рэалізаваныя такія эканамічныя праекты, як Nord Stream 2, а раней Nord Stream 1. Тады таксама адбыліся спробы пераацэнкі палітыкі ў дачыненні да Расіі. А пазней быў 2014 год. Ці нехта зрабіў з гэтага адпаведныя высновы? Не. Былы канцлер Германіі быў членам назіральнай рады «Газпрома». Я кажу пра гэта не таму, каб фармуляваць нейкія абвінавачванні, але таму, каб мы нарэшце зрабілі высновы з мінулага.

«Расію трэба перамагчы. Трывожны званок для Еўропы надалей гудзіць», – перасцерагла ў сваю чаргу еўрадэпутат ад «Права і справядлівасці» Анна Фатыга(Anna Fotyga). Яна адзначыла, што Еўропа павінна ў яшчэ большай ступені падтрымліваць Украіну, каб вайна скончылася як мага хутчэй:

- Расію трэба перамагчы. (…) Мы павінны даць Украіне ўсё неабходнае для дасягнення гэтай мэты зараз. Усё – знішчальнікі, верталёты, зенітныя комплексы неабходнай далёкасці... Мы робім гэта для нас і нашых дзяцей. Мы павінны гэта разумець.

Былы кіраўнік польскай дыпламатыі Вітальд Вашчыкоўскі(Witold Waszczykowski) перасцярог, што празмерная асцярожнасць з боку некаторых еўрапейскіх лідараў адцягвае заканчэнне вайны:

- Мы ўвесь час задаем сабе пытанне: Чаму гэтая вайна так доўга працягваецца? Адказ просты – таму што многія, занадта многія асобы, якія прымаюць рашэнні, па-ранейшаму больш хвалююцца за будучыню Расіі, чым за будучыню Украіны.

Нагадваем, Еўрасаюз перадаў Украіне гуманітарную і ваенную падтрымку на 67 мільярдаў еўра. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен запэўніла, што падтрымка будзе аказвацца, «пакуль яна будзе Украіне патрэбна». У сваю чаргу кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі абвясціў, што Еўрасаюз дадаткова падрыхтуе яшчэ 15 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Жузэп Барэль таксама паведаміў, што ЕС выдзеліць 25 мільёнаў еўра на абясшкоджванне мінаў.

На пачатку лютага старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што да 24 лютага, то бок да гадавіны пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, у дзеянне будзе ўведзены дзясяты пакет санкцыйных захадаў супраць Расіі. Кіраўнічка Еўракамісіі дадала, што адначасова абмяркоўваецца механізм, каб прымусіць Расію кампенсаваць Украіне страты, панесеныя ў выніку агрэсіі.

«Мы з нашымі партнёрамі па G7 абмяжуем цану на расійскія нафтапрадукты, і да 24 лютага, роўна праз год пасля пачатку ўварвання, мы маем мэту ўвесці ў дзеянне дзясяты пакет санкцый», – заявіла Урсула фон дэр Ляен на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім ў Кіеве 2 лютага. Аднак расказваючы пра дзясяты пакет санкцый, палітык увогуле не згадала пра Беларусь.

Між тым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Расія вельмі хутка адаптуецца да санкцый, таму неабходна зрабіць так, каб абыходзіць іх стала немагчыма. І гэта, паводле яго, – агульнае заданне для Украіны і Еўрасаюза.

IAR/аз

Польшча пачынае дыпламатычны наступ перад самітам НАТА

15.02.2023 13:01
Мэтай польскіх дыпламатычных намаганняў з’яўляецца не толькі дапамога Украіне, але таксама ўзмацненне ўсходняга флангу альянсу.