Беларуская Служба

Беларусы за мяжой губляюць асцярожнасць

16.02.2023 18:15
Цэнтр беларускай салідарнасці папярэджвае беларусаў, што знаходжанне за мяжой не азначае поўнай бяспекі. 
Аўдыё
  • Юрысты пра пераслед беларусаў за мяжой
 ,     .
Вольга Дабравольская, Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве. Ілюстрацыйны здымакY.Likhtarovich/Polskie radioi

Выкарыстоўваюцца інструменты Інтэпрола, фальсіфікацыя крымінальных спраў, вядзецца збор інфармацыі за тымі, хто атрымоўвае палітычны прытулак за мяжой. Эксперты раяць не даваць спецслужбам Лукашэнкі інфармацыі праз выкладанне фота ў сацыяльных сетках, агучванне сваіх персанальных дадзеных, атрыманага статусу.

Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве зладзіў прэсавую канферэнцыю з удзелам юрыстаў арганізацыі. Тэмамі размовы стала справа пераследу з боку лукашэнкаўсага КДБ беларускіх лідараў пратэстаў, якія жывуць у Польшчы, міграцыйная палітыка польскіх уладаў, асаблівасці легалізацыі ў Польшчы для беларусаў, якія былі вымушаныя з'ехаць, ратуючыся ад палітычнага пераследу. Пра якую лічбу з'ехаўшых можа весціся гаворка цяпер. Гэтыя пытанні мы абмеркавалі з юрысткай Цэнтру беларускай салідарнасці Вольгай Дабравольскай.

- Мне вельмі цяжка ацэньваць таму што мы працуем толькі з Польшчай. Але толькі ў Польшчы, на маю думку, ужо больш за 150 тысяч беларусаў. Больш за 100 тысяч віз было выдадзена. Мы збіраем іншыя дадзеныя і бачым, што значна больш людзей прыехала. Цяжка дакладна сказаць, бо гэта і візы, віды на жыхарства, сталыя ды часовыя, але, я думаю, што ўжо больш за 150 тысяч.

У Польшчы прынятая адмысловая спрошчаная сцежка для легалізацыі беларусаў, выдаюцца гуманітарныя візы. Колькі чалавек ёй скарысталіся?

- Больш за 5 тысяч беларусаў скарысталася з так званага гуманітарнага віду на жыхарства. Яшчэ пакуль няма дадзеных гуманітарных віз выдадзеныя ў Польшчы.

Ці складана беларусам атрымаць палітычны прытулак, міжнародную дапамогу ў Польшы?

- Міжнародную дапамогу даюць, даюць дадатковую ахову. Гэта не такая вялікая праблема, але мы хацелі б, каб людзі, якія сутыкнуліся з пераследам, атрымлівалі статус бежанца. Мы вельмі часта абскарджваем цяпер рашэнні, каб гэта быў той статус, якія адпавядае сітуацыі.

Вельмі часта, гэта колькі спраў у месяц?

- Я цяпер вяду пяць такі спраў, мае калегі – таксама.

Рэжым у Беларусі заклікае людзей вяртацца, нават стварыў адмысловую камісію. Што можа чакаць тых, хто захоча вярнуцца?

- Мы ўсе ведаем, што іх можа чакаць. Дастаткова згадаць прыклад з Раманам Пратасевічам. Іх чакае турма, пераслед, не раю нікому вяртацца.

Ці ў Польшчы бяспечна для беларусаў?

- Польшча з'яўляецца бяспечнай краінай для беларусаў. Польскі бок робіць шмат для нас (спрошчанае заканадаўства, дапамога дзяржведамстваў), але мы павінны не губляць асцярожнасці. Вы не павінны рабіць здымкі вашага жытла, паведамляць, што атрымалі статус бежанца, бо беларускія службы гэтым вельмі цікавяцца, збіраюць актыўна дадзеныя пра беларусаў за мяжой. Ім не падабаецца, што за мяжой, у Польшчы, вельмі дапамагаюць беларусам.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч