Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн увечары 21 лютага выступіў перад некалькімі тысячамі слухачоў з прамовай у Аркадах Кубіцкага, размешчаных каля Каралеўскага замка ў Варшаве. Амерыканскі лідар заявіў, што свет перажывае паваротны момант: рашэнні, якія будуць прыняты ў найбліжэйшыя пяць гадоў, паўплываюць на наступныя дзесяцігоддзі:
-Я паўтару тое, што я сказаў тут год таму: дыктатар, які хоча аднавіць імперыю, ніколі не зможа сцерці любоў народа да свабоды, жорсткасць ніколі не заменіць волю да свабоды, а Расія ніколі не пераможа ва Украіне.
Джо Байдэн заявіў, што антыпуцінская кааліцыя краін НАТА вельмі моцная. Ён таксама праінфармаваў, што саміт НАТА ў 2024 годзе пройдзе ў ЗША. У наступным годзе спаўняецца 75 гадоў з дня падпісання дамовы аб стварэнні Паўночнаатлантычнага альянсу.
Прэзідэнт ЗША папярэдзіў Расію, што яна «заплаціць высокую цану за ўварванне ва Украіну»: «Мы працягваем найбуйнейшую праграму санкцыяў супраць Расіі. Гэта беспрэцэдэнтныя санкцыі ў гісторыі. На гэтым тыдні будуць абвешчана аб чарговых санкцыях».
Значную частку сваёй прамовы ў Варшаве амерыканскі лідар прысвяціў менавіта ролі Польшчы ў агульным кантэксце супрацьстаянні з неаімперыялістычнай Расіяй, дапамогі Украіне. Джо Байдэн падкрэсліў, што польская шчодрасць і гатовасць адкрыць дамы і сэрцы для ўцекачоў з Украіны надзвычайныя.
«Палякі ведаюць, што такое салідарнасць. Нягледзячы на падзелы і ўварванне, знішчэнне Варшавы і камуністычны рэжым, Польшча выстаяла гэтак жа, як трымаецца цяпер апазіцыя ў Беларусі і народ Малдовы, які жыве свабодна і рухаецца да членства ў ЕС», – заявіў Джо Байдэн.
Прамова 46-га прэзідэнта США ў Варшаве адразу была названая «гістарычнай». Прапануем вам некалькі меркаванняў польскіх экспертаў з гэтае нагоды. Напрыклад, дырэктар Інстытуту бяспекі і міжнароднага развіцця генерал Багуслаў Пацэк, ацаніў прамову Джо Байдэна ў Варшаве як палітычны шэдэўр:
-Выдатная прамова, якая адпавядае ўзроўню лідара супердзяржавы і ў ёй цяжка знайсці нейкія недахопы або памылкі. Прамова была звязаная з вайною, з краінамі, якія падтрымліваюць Украіну, у тым ліку з Польшчай. Аднак я, а таксама маі калегі спадзяваліся, што пачуем ад амерыканскага лідара больш канкрэтыкі.
«Амерыканскі лідар у сваёй прамове выразна акрэсліў межы магчымых далейшых расійскіх дзеянняў», – лічыць палітолаг і вайсковы гісторык з Ваенна-марской акадэміі ў Гдыні прафесар Кшыштаф Кубяк. Навуковец перакананы, што гэта можа астудзіць агрэсіўныя памкненні прэзідэнта РФ:
-Я параўноўваю гэтую прамову з выступам прэзідэнта Джона Кенэдзі ў Берліне ў 1963 годзе, калі ён сказаў славутае «Мы ўсе – жыхары Берліна», але тады таксама была анансаванае палітыка далейшага затрымання распаўсюду камунізму. Высуну гіпотэзу, што ўчора было абвешчана пра далейшае супрацьдзеянне расійскай экспансіі. Падкрэсліваю, супрацьдзеяння!
Прафесар Кшыштаф Кубяк не здзіўлены, што амерыканскі лідар не згадаў пра канкрэтную вайсковую падтрымку Украіны:
-Я б не надаваў вялікую ўвагу таму, што лідар сусветнай зверхдзяржавы не анансуе расклад перадачы Украіне чарговага вайсковага абсталявання. Місія палітыка такога ўзроўню – гэта стварэнне пэўнай атмасферы. А пытанне канкрэтных відаў зброі і графік паставак не адпавядае ўзроўню прэзідэнта.
Дэпутат Еўрапарламента ад кіроўнай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць», колішняя міністр замежных спраў Польшчы Анна Фатыга заявіла, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас свайго выступу ў Варшаве пацвердзіў адзінства вольнага свету. Палітык падкрэсліла сімвалічнае значэнне прамовы амерыканскага лідара:
-Гэта была па-сапраўднаму гістарычная прамова, асабліва ўлічваючы той факт, што ён агаласіў яе адразу пасля вяртання з Кіева. Менавіта Украіна была надзвычайным кантэкстам гэтай прамовы. Выступ у Варшаве пацвердзіў адзінства вольнага свету. Прэзідэнт Байдэн падзякаваў Польшчы і палякам за ўзорнае стаўленне да Украіны.
Тэма свабоды стала ключавой у прамове прэзідэнта Байдэна ў Варшаве. Гэта пацвердзілі і пазнейшыя сустрэчы амерыканскага прэзідэнта. Пасля выступлення ён правёў перамовы з прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, абмеркавалі эканамічныя пытанні
А далей Джо Байдэн таксама правёў асобныя гутаркі з лідарамі польскай апазіцыі: са старшынёй партыі «Грамадзянская платформа» Дональдам Тускам і мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім. Свабодная дзейнасць апазіцыі і пераемнасць улады – асноўная рыса свабоднай дэмакратычнай дзяржавы.
Акрамя таго, прэзідэнт ЗША сустрэўся ў Варшаве з прэзідэнтам Малдовы Маяй Санду, яе краіна таксама спазнае намаганні Расіі адабраць свабоду і незалежнасць.
iar/pr/эж