За год вайны, мэты расійскай ваеннай спецаперацыі, якія агучваў Пуцін ці яго атачэнне, некалькі разоў мяняліся. На самым пачатку была дэнацыфікацыя і дэмілітарызацыя – незразумелыя паняцці для большасці людзей, пазней вызваленне жыхароў Данбасу, а цяпер аказваецца, што Расія змагаецца з усім блокам НАТА, які хацеў захапіць яе багацці.
Пачынаючы гэтую вайну, Уладзімір Пуцін хацеў дабіцца шматпалярнага свету, каб з Расіяй лічыліся, каб не дамінавала толькі адна дзяржава – ЗША. Маўляў, Расія павінна ўстаць з каленяў. З самага пачатку мэты вайны былі значна больш глабальныя, чым цяпер. Бачна, што Пуцін ужо не верыць, што ўдасца захапіць усю Украіну, яму патрэбная хаця б адна вобласць, – адзначае гісторык прафесар Мікалай Іваноў.
- Учора Пуцін арганізаваў шматтысячны мітынг у Лужніках і паўтарыў усё тое ж самае – мы змагаемся, каб Расія паднялася з кален, знайшла сваё месца на свеце. Украіны ў яго рыторыцы амаль не было, ён гаварыў, што Расія змагаецца з усім заходнім светам, галоўным чынам ЗЎА, хаця зусім не ўспомніў пра візіт Джо Байдэна ў Кіеў і Варшаву. Аднак мяняліся нюансы – спачатку яны хацелі заняць Кіеў, пасадзіць свайго чалавека, зараз кажуць толькі пра вызваленне Данецкай і Луганскай вобласці. Але з кожным днём Украіна атрымлівае ўсё больш сучаснай зброі, якой зможа дасягнуць і Расіі. Пуцін думае, што заходні свет стоміцца, але гэта памылка.
Ці сапраўды гэта апошняя вайна Расійскай імперыі? Пуцін хацеў стаць царом вялікай імперыі, каб увайсці ў падручнікі па гісторыі. Сённяшнюю Расію цяжка назваць імперыяй, гэта ў значнай ступені нацыянальная дзяржава, а пуцін ужо паступова разумее, што стаць царом не ўдасца.
- У расійскай царскай імперыі пражывала толькі 48% расіян, у Савецкім Саюзе таксама прыкладна палова былі расіяне, другая палова – нацменшасці. Цяпер у Расіі 70% расіян, гэта ў вялікай ступені нацыянальная дзяржава, таму ў рыторыцы пуціна няма ніякіх украінцаў, а адзін народ, хаця ён пераканаўся, што ўкраінцы маюць адвагу змагацца за сваю дзяржаву. Я думаю, што паволі знікае яго ілюзія аб’яднаць імперскі свет, ён разумее, што перамагчы ў гэтай вайне практычна немагчыма.
Ці магчымая грамадзянская вайна і развал Расіі, як прадракаюць некаторыя? Для ўсіх было б лепш не дапусціць крывавай грамадзянскай вайны ў Расіі, якая можа прынесці страшныя наступствы ў ядзернай дзяржаве.
- Мы ўсе павінны баяцца грамадзянскай вайны ў Расіі. Канешне, Расія можа распасціся. Скажам, узяць усход Расіі – багаты рэгіён, дзе пражываюць галоўным чынам нашчадкі вязняў ГУЛАГУ – у іх закадаваная варожасць да Масквы. Скажам, калі ў Беларусі была рэвалюцыя годнасці ў 2020 годзе, у Хабараўску былі пратэсты супраць затрымання губернатара Фургала. І на гэтых маніфестацыях людзі крычалі «Жыве Беларусь!».
На жаль, рэжым Лукашэнкі, нягледзячы на жаданне народу, усё мацней прывязвае Беларусь да злачыннага пуцінскага рэжыму. Лукашэнка без Пуціна ён даўно ўжо страціў бы сваю ўладу. Беларусы, у адрозненні ад расіян, не маюць імперскай хваробы, таму яны не бачаць сэнсу ваяваць за «рускі мір». Гэта разумеюць і Лукашэнка, і Пуцін. Але, калі Пуціну патрэбны будзе нейкі поспех, ён можа вырашыць аб далучэнні Беларусі да Расіі, і Лукашэнку прыйдзецца падпарадкавацца.
нг