Беларуская Служба

Амерыканцы разважаюць аб аднаўленні Польшчай і Украінай Крэўскай уніі 1385 г.

27.03.2023 13:10
Амерыканскі часопіс «Foreign Policy» выступіў з канцэпцыяй стварэння структуры на ўзор польска-літоўскай Крэўскай уніі. «Гэта была б таксама моцная ваенная дзяржава», мяркуюць амерыканцы.
Ілюстрацыйны здымакradyjo.net

Амерыканскі часопіс «Foreign Policy» сягае да гісторыі Польшчы і прапануе ўзнавіць унію з Украінай.

«Foreign Policy» заўважыў магчымасць стварэння структуры, якая нагадвае польска-літоўскую унію, заключаную ў 1385 годзе ў Крэве. Польска-ўкраінскі саюз стаў бы другой па велічыні краінай у ЕС і, верагодна, краінай з найвялікшым ваенным патэнцыялам, і дастатковай процівагай французска-нямецкаму тандэму – тым, чаго вельмі не хапае ЕС пасля Брэксіту.

«Рэч Паспалітая стала адной з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы і займальнай лабараторыяй палітычнага кіравання, якую дэталёва вывучалі заснавальнікі Злучаных Штатаў», – падкрэслівае амерыканскі часопіс.
«Foreign Policy» пералічвае перавагі Крэўскай уніі, пачынаючы з парламенцкага прынцыпу аднадушнасці, рэлігійнай талерантнасці і свабоды, якой карысталася шляхта ў адрозненне ад абсалютысцкіх манархій Заходняй Еўропы.
«А што, калі б падобнае палітычнае вырашэнне стала сёння магчымым для Украіны і Польшчы і для вырашэння іх праблем?», разважае амерыканскае выданне.

Амерыканскія журналісты сцвярджаюць, што палітычны саюз дзвюх краін абумоўлены не настальгіяй, а агульнымі інтарэсамі.

«Абедзве краіны сутыкаюцца з пагрозай з боку Расіі. Сёння Польшча з'яўляецца членам ЕС і НАТА, а Украіна хоча далучыцца да абедзвюх арганізацый – падобна, як калісьці Вялікае Княства, якое хацела стаць часткай мэйнстрыму хрысціянізаванай Еўропы.
Нават, калі вайна Украіны з Расіяй скончыцца рашучай перамогай Украіны і выгнаннем расійскіх войскаў з яе тэрыторыі, то Кіеў чакаюць дзясяткі гадоў падрыхтоўкі і перамоваў за ўступленне ў ЕС, не кажучы ўжо пра атрыманне надзейных гарантый бяспекі ад Злучаных Штатаў і НАТА.

У «Foreign Policy» гаворыцца, што пасля заканчэння вайны Польшча і Украіна маглі б стварыць агульную федэратыўную або канфедэратыўную дзяржаву, абʼяднаўшы знешнюю і абаронную палітыку. Такім чынам адразу Украіна была б уведзена ў ЕС і НАТА, мяркуе амерыканскае выданне.

яс/niezalezna.pl