Лукашэнкаўская прараганда ўжо ўзрадавалася. Апазіцыя кажа пра тое, што Беларусь стане цэллю атакі ў адказ з боку Захаду.
Уладзімір Пуцін па-ранейшаму не верыць у паразу ў вайне ва Украіне, так ацэньваюць апошнія заявы расійскага дыктатара ваенныя аналітыкі. Паводле Амерыканскага інстытуту ваенных даследаванняў, крамлёўскі рэжым не пераймаецца рэальнай сітуацыяй на фронце, перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі.
- Вайсковыя аналітыкі кажуць, што Уладзімір Пуцін аспрэчвае заходні погляд на падзеі ды не хоча спыніць кровапраліццё. Нават перамогі Украіны не дастаткова пераканаць Пуціна. Аналітыкі спрабуюць прагназаваць далейшае развіццё сітуацыі, аднак бачаць толькі часовае замарожванне канфлікту.
Адмыслоўцы кажуць, што Расія не ў стане перамагчы вайсковымі сродкамі, таму Крэмль перайшоў да ядзернага шантажу. Аднак Масква баіцца ўдару ў адказ з боку ЗША, таму Пуцін вырашыў пачаць шантажаваць Захад праз Лукашэнку, робячы яго цэллю магчымых атак. Пуцін аб'явіў аб размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі.
Гэта пярэчыць мінулагоднім заявам беларускага ўзурпатара. У інтэрв'ю японскаму журналісту Лукашэнка тады заявіў, што такой сітуацыі, якая прымусіць яе размяшчаць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, не будзе. Цяпер жа дыктатар адмоўчваецца. Замест яго заліваецца прапаганда. Азаронак ды Гайдукевіч пачалі пагражаць знішчэннем Польшчы ды Еўропе.
У самой у Расіі СМІ пішуць пра тое, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі зроблена ў першую чаргу, каб ускласці фармальную адказнасць за выкарыстанне ядзернай зброі на Лукашэнка. Таго, што не разумее рэжым, бачаць дэмакратычныя лідары Беларусу. Яшчэ першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч папярэджваў, што ядзерная зброя зробіць з Беларусі закладніцу Крамля.
- Беларусь была заложніцай гэтага стратэгічнага і тактычнага ўзбраення. Усю Еўропу можна было знішчыць тым, што знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. Калі канфлікт, то няма ў Захаду іншага выратавання, акрамя як масіраваны ўдар па нашай тэрыторыі.
Цяпер пра гэта ж кажа Святлана Ціханоўская: «Лукашэнка і Пуцін зрабілі з Беларусі цэль для ўдару». Кіраўнік прадстаўніцтва па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага пераходнага кабінета Валеры Сазашчык выступіў са зваротам да беларускіх вайскоўцаў. Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь Андрэй Саннікаў выступіў з заклікам ўвесці ў Беларусь міратворчыя сілы.
Ёсць ужо і першая рэакцыя ва Украіне. МЗС Украіны заклікаў неадкладна склікаць пасяджэнне Рады бяспекі ААН у звязку з намерамі Крамля. Пры гэтым палітыкі ды эксперты ў Кіеве пакуль не надта сур’ёзна ставяцца да ядзерных пагроз Пуціна. Трэба ўзмацняць мабілізацыю і набіраць больш людзей у войска, - паведаміў кіраўнік фракцыі «Слуга Народа» Давід Арахамія.
- Мы ўсе павінны падрыхтавацца, калі так станецца, я думаю адкрыццё другога фронту стане рэальнай пагрозай. Нам давядзецца прызываць больш людзей у войска, сфармаваць 8 новых брыгад, каб утрымаць фронт на такой тэрыторыі.
Былы дарадца ўкраінскага прэзідэнта Аляксей Арастовіч заявіў, што за заявы Крамля аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі стаіць жаданне пагражаць Захаду ды прынізіць Кітай пасля нядаўняга візіту Сі Цзіньпіна, які падпісаў з Пуціным дакумент, дзе дэкларавалася нераспаўсюджанне ядзернай зброі і недапушчальнасць яе перадачы трэцім краінам.
Ёсць ужо рэакцыя NATO на заявы Пуціна. «Расійская ядзерная рыторыка небяспечная і безадказная, NATO пільна ды ўважліва сочыць за сітуацыяй», — заявілі ў прэс-службе NATO ў адказ на суботнюю заяву Расіі аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі. Прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна заявіў, што Польшча не пагодзіцца на непрымальны ядзерны шантаж з боку Расеі.
- Расія пагаршае сітуацыю. Гэта не проста пагаршэнне сітуацыі, але большае ўцягванне Беларусі ў расійскую машыну агрэсіі. Неўзабаве ў Брусэлі будзе важная сустрэча НАТО, пабачым якая там будзе рэакцыя на цяперашнія падзеі.
Лукаш Ясіна заявіў, што Беларусь усё больш губляе кантроль над тым, што адбываецца на сваёй тэрыторыі.
- Беларусь усё больш становіцца падпарадкаваным фрагментам Расіі, дзяржавай, дзе няма кантролю за вайсковымі структурамі. Гэта трэба паўтараць, бо на Захадзе застаюцца яшчэ людзі, якія вераць у суверэннасць Беларусі ды выкарыстоўваюць яе для сваёй маніпуляцыі.
Польшча ўслед за NATO кажа пра тое, што будзе захоўваць пільнасць ды манітараваць сітуацыю.
Юры Ліхтаровіч