Заявы Расіі аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі з'яўляюцца часткай плана Уладзіміра Пуціна па інтэрнацыяналізацыі вайны, якую ён вядзе супраць Украіны, канстатавалі ўкраінскія эксперты падчас праведзенай у аўторак у Кіеве дыскусіі «Расійская ядзерная зброя ў Беларусі як пагроза еўрапейскай бяспецы», паведамляе старонка wpolityce.pl.
Удзельнікі сустрэчы ацанілі, што для абароны ад гэтай пагрозы Украіна павінна супрацоўнічаць перадусім з Польшчай і краінамі Балтыі. Яны таксама прызналі, што прапанова прэзідэнта Анджэя Дуды размясціць у краіне ядзерную зброю з’яўляецца натуральным адказам на дзеянні Расіі.
«Ён (Анджэй Дуда) абсалютна мае рацыю, бо мяжа канфлікту і патэнцыйнага выкарыстання гэтай зброі перасоўваецца», – заявіў кіраўнік кіеўскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка. На думку эксперта, Пуцін імкнецца інтэрнацыяналізаваць вайну супраць Украіны, каб прымусіць Захад пачаць перамовы з Масквой.
«Як бы краінам НАТА ні хацелася гэтага пазбегнуць, сутыкненне з Расіяй набліжаецца. Расія да гэтага імкнецца. Для Пуціна канфлікт у Беларусі зручны. Ён хоча падставіць яе пад удар і сказаць: гэта не мы, гэта Лукашэнка, а потым прапанаваць: давайце сядзем пагаворым, гэта мой ультыматум», – кажа Мусіенка. Паводле яго, вынікам завяршэнне вайны ва Украіне павінна быць, у тым ліку, пазбаўленне Расіі ядзернай зброі. Таксама важны працяг падтрымкі хаўруснікаў для Украіны.
«Шчыт супрацьпаветранай абароны НАТА і сродкі супрацьпаветранай абароны павінны знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. І Польшча, і краіны Балтыі, і Украіна павінны быць часткай адной сістэмы СПА», – лічыць эксперт.
У сваю чаргу дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі ў Кіеве Яўген Магда ацаніў, што хуткай рэакцыі Захаду на заявы Пуціна аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі не будзе. Таму трэба працаваць з краінамі Люблінскага трохкутніка (Польшча, Літва, Украіна), па вызначэнні агульнай пазіцыі на гэты конт.
«Такая задача ўкраінскай дыпламатыі на травень-чэрвень 2023 года. Варта таксама звярнуць увагу цывілізаванага свету на тое, што распаўсюджванне ядзернай зброі павялічвае пагрозу ядзернай вайны на еўрапейскім кантыненце. І такая пагроза не зʼяўляецца перабольшаннем», – пераконвае дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда.
аз