Беларуская Служба

Крамлю пададзены сігнал

30.05.2023 15:34
Упершыню з пачатку пуцінскай агрэсіі супраць Украіны, расійская сталіца стала цэллю вайсковай атакі.
Аўдыё
  • Дроны нанеслі ўдар па Маскве
Ілюстрацыйны здымакEPA/MAXIM SHIPENKOV Dostawca: PAP/EPA.

Масква спазнала масавы абстрэл беспілотнікамі. Расійскі бок хваліцца, што збіў усё дроны, але не адказвае на пытанне, як яны змаглі даляцець ажно да Масквы. Ва Украіне кажуць, што гэта помста за атакі па Кіеў ды сігнал Крамлю. Пакуль не зразумела, што зробіць Расія, але з ваеннага пункту гледжання дадзеная атака была хутчэй як «камарыны ўкус» чым паспяховая адплата.

Расійскія СМІ паведамляюць, што раніцай Маскоўскую вобласць Расійскай Федэрацыі атакавалі каля 25 беспілотнікаў, 3 з якіх упалі на жылыя дамы, менавіта што ўпалі - не здэтанавалі. Ніхто не загінуў і не пацярпеў.  Са свайго боку Мінабароны Расіі заявіла, што ў атацы на аб'екты ў Маскве было задзейнічана 8 беспілотнікаў, з-за чаго былі зафіксаваныя «нязначныя пашкоджанні».

Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў новы напад дронаў на Маскву назваў ударам у адказ Украіны за абстрэл расіянамі Кіева. У сваю чаргу дэпутат Дзярждумы Нілаў пагразіў ядзернай зброяй. Кіраўнік расійскай ПВК Прыгожын звінаваціў Міністэрства абароны Расіі ў бяздзейнасці. Крамлёўскія палітыкі пачалі заклікаць да актывізацыі высілкаў ды канцэнтрацыі сіл на вайну з Украінай.

У гэты ж час украінскія палітыкі спачатку занялі неадназначную пазіцыю. Адныя, як мэр Кіева, задаюць пытанні: «чаму жыхары Масквы адпачываюць пакуль расіяне кашмараць Кіеў?» Іншыя, як дарадца прэзідэнта Міхаіл Падаляк, іранізуюць ды абвінавачваюць расіян у арганізацыі атакі на Маскву. Таксама нямецкая штодзёнка Bild апублікавала меркаванне нямецкага палітолага Томаса Егера, які заявіў, што «атакі на Маскву могуць быць рэакцыяй у адказ на ўдары беспілотнікаў па Кіеве. Але таксама магчыма, што Расея сама інсцэнуе гэтыя атакі, якія практычна не наносяць шкоды ў якасці апраўдання для ўдараў па грамадзянскіх аб'ектах ва Украіне».

Урэшце сітуацыю праясніў кіраўнік вайсковай выведкі Украіны Кірыл Буданаў, які напісаў на сваім канале ў Тэлеграм, што на расійскі тэрор мы адказалі справядлівым ударам, дадаўшы, што гэта быў першы масавы ўдар беспілотнікаў украінскай вытворчасці па ваенных аб'ектах у Маскве і Маскоўскай вобласці. Дарэчы, менавіта пра гэта Буданаў папярэджваў учора.

Таксама розняцца ацэнкі, што да паспяховасці гэтай атакі. Расійскі бок хваліцца тым, што выдатна спрацавала СПА сталіцы. Пры гэтым робяцца заявы, што радыёлакацыйным станцыям у Расіі цяжка заўважыць беспілотнік, калі той ляціць нізка. У войска няма новых сродкаў для выяўлення такіх цэляў.

Ва Украіне ды на Захадзе заўважаюць, што атака дронаў стала сігналам і папярэджаннем Пуціну, што настаў час спыняць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Гэта звязваюць з тым, што БПЛА кружыліся ў непасрэднай блізкасці ад рэзідэнцыі Пуціна і месцаў жыхарства найважнейшых прадстаўнікоў эліт РФ.

Апроч таго атака паказала месцы ўстаноўкі сродкаў СПА, як і той факт, што расійская сістэма СПА вельмі актыўна працуе над жылымі кварталамі, абсалютна напляваўшы на бяспеку мірных грамадзян.

Разам з тым сённяшняя атака стала «камарыным укусам» для Расіі, мала верагодна, што яна пераканае расіян пратэставаць супраць вайны.

Юры Ліхтаровіч