Паўстанцы абвясцілі пра канец дыктатуры прэзідэнта Башара Асада пасля захопу сталіцы Дамаска. Гэта пераломны момант у грамадзянскай вайне ў Сірыі, якая доўжыцца з 2011 года, пасля 24 гадоў крывавага кіравання дыктатара.
Паўстанне пад кіраўніцтвам лідара арганізацыі «Хаят Тахрыр аш-Шам» Абу Мухамада аль-Джаўлані пачалося 11 дзён таму. Задуманая мэта была дасягнутая - узяцце кантролю над Дамаскам і звяржэнне рэжыму прэзідэнта Башара Асада. Прэм'ер-міністр Сірыі заявіў, што будзе супрацоўнічаць з любым лідарам, абраным народам.
Сірыйскі дыктатар прыбыў жа ў Расію. Рашэнне аб прадастаўленні прытулку Башару Асаду і яго сям'і прымаў асабіста Уладзімір Пуцін, заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. Тым самым ён пацвердзіў інфармацыю аб тым, што сірыйскі дыктатар прыляцеў у Расію пасля падзення рэжыму.
Сусветныя лідары выказваюць падтрымку перадачы ўлады адказнаму сірыйскаму ўраду ў працэсе, якім кіруюць самі сірыйцы. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выказаў задавальненне падзеннем рэжыму Башара Асада ў Сірыі. Падчас сваёй прамовы ў Белым доме ён сказаў, што сірыйскі народ сутыкаецца з гістарычнай магчымасцю:
- Гэты рэжым пераследаваў і катаваў сотні тысяч сірыйцаў. Падзенне рэжыму - гэта гістарычны акт справядлівасці і гістарычны момант, шанец для шматпакутнага сірыйскага народа.
Джо Байдэн запэўніў, што ЗША будуць працаваць з саюзнікамі, каб знізіць рызыку нестабільнасці ў рэгіёне. Байдэн адзначыў, што іх апошнія дзеянні аслабілі паплечнікаў Сірыі – Расію, Іран і Хезбалу, якія не былі больш у стане абараняць уладу Асада.
Тым часам дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен выказаў падтрымку «мірнай перадачы ўлады адказнаму сірыйскаму ўраду ў працэсе, якім кіруюць самі сірыйцы». Ён дадаў, што падчас гэтага пераходнага перыяду сірыйцы «маюць поўнае права патрабаваць належнага функцыянавання дзяржаўных устаноў, аднаўлення ключавых паслуг і абароны ўразлівых груп».
У сваю чаргу міністр замежных спраў Канады Мелані Жолі заявіла, што Канада і Нідэрланды будуць дамагацца прыцягнення рэжыму Башара Асада да адказнасці ў Міжнародным судзе ААН у сувязі з абвінавачваннямі ў катаваннях і бесчалавечным абыходжанні з насельніцтвам Сірыі. «Гэта важны паваротны момант для сірыйскага народа», — дадала канадская міністр.
У чэрвені 2023 года Канада разам з Нідэрландамі распачала судовы працэс перад Міжнародным судом, абвінаваціўшы ўрад Сірыі ў шырокамаштабных парушэннях правоў чалавека.
Сірыя апынулася на парозе новай палітычнай эры. Існуючыя эліты і войска таксама прыстасоўваюцца да дынамічнай сітуацыі ў гэтай краіне – аналізуе былы карэспандэнт польскіх СМІ на Блізкім Усходзе Марыюш Баркоўскі. На яго думку, у цяперашняга прэзідэнта Башара Асада няма шанцаў вярнуцца да ўлады:
- Падзеі апошніх дзён паказвалі, што рэалізуецца сцэнарый, намаляваны, хутчэй за ўсё, Турцыяй. Турцыя запрапанавала Асаду, каб ён дамовіўся з апазіцыяй. Ён адхіліў прапанову. З таго часу, здаецца, адбыліся таемныя кантакты, якія завяршыліся ў суботу перамовамі паміж Сірыяй, Расіяй, Іранам, Саўдаўскай Арабіяй і Катарам. Пасля гэтай сустрэчы сірыйская армія, у прынцыпе, капітулявала.
Амаль тысяча чалавек загінула ў Сірыі падчас наступу паўстанцаў, які завяршыўся звяржэннем рэжыму прэзідэнта Башара Асада. Сірыйскі цэнтр назірання за правамі чалавека паведамляе аб 910 загінулых, у тым ліку 138 мірных жыхароў.
Людзі святкуюць на вуліцы пасля таго, як сірыйскія паўстанцы захапілі горад Дамаск
Палітычны пераварот у Сірыі можа стаць для многіх сірыйцаў шанцам вярнуцца дадому. Пра гэта Польскаму радыё гаворыць сірыец Амар Шэйх Халуф, які жыве ў Польшчы ўжо 50 гадоў:
- Я апошнія 12 гадоў не магу паехаць дадому, бо баюся. Сірыйскі дыктатар уцёк, сірыйскі народ вельмі задаволены. Я прачнуўся і плакаў. Амаль 50 гадоў Сірыяй кіраваў дыктатар і яго сям’я. 1,5 мільёна забітых, амаль 10 мільёнаў уцяклі з краіны, няма хлеба, вады, электраэнергіі.
Пасля трынаццаці гадоў грамадзянскай вайны сірыйцы перажываюць адзін з найгоршых у свеце гуманітарных крызісаў. Амаль 17 мільёнаў чалавек маюць патрэбу ў неадкладнай дапамозе на месцах, і краіну чакае шматгадовае аднаўленне. Падзенне рэжыму Башара Асада не азначае канца сірыйскага крызіса, кажа Якуб Беліна-Бжасоўскі з Польскай медыцынскай місіі:
- Мы ведем, што трэба будзе гарантаваць бесперапыннасць медычнай апекі прынамсі ў Алепа. Мы рыхтуемся да аказання крызіснай дапамогі, але ў перспектыве і на доўгатэрміновую падтрымку. Як паведамляе ААН, у выніку інтэнсіўных сутычак загінулі дзясяткі мірных жыхароў. Амаль 200 тысяч чалавек уцяклі са сваіх дамоў.
Сірыйская служба аховы здароўя таксама знаходзіцца ў краху. Толькі больш за палову лячэбных устаноў працуюць на поўны працоўны дзень.
Сірыйскія паўстанцы святкуюць пасля захопу Дамаска
Кім з’яўляецца Абу Мухамад аль-Джаўлані? Лідар Хаят Тахрыр аш-Шам (HTS) - альянсу ісламскіх фундаменталісцкіх груповак, якія ваююць у Сірыі, з'яўляецца найбольш вядомым сярод лідараў сірыйскіх паўстанцаў. Як камандзір «Аль-Каіды» падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі, ён быў таямнічай асобай і трымаўся ў баку ад грамадскага жыцця, нават калі яго групоўка стала самай магутнай фракцыяй, якая змагалася з прэзідэнтам Башарам Асадам. Ён правёў 5 гадоў у амерыканскай турме. У Сірыю вярнуўся, калі пачалося паўстанне супраць Асада.
У 2016 годзе ён разарваў адносіны з «Аль-Каідай» і ўзначаліў HTS, якая пачала кантраляваць паўночна-заходнія раёны Сірыі. Пра яго загаварылі, калі на мінулым тыдні паўстанцы пад яго кіраўніцтвам захапілі Алепа. Затым Джаўлані заклікаў да міру сірыйскія меншасці, якія даўно баяцца джыхадыстаў.
Калі паўстанцы ўвайшлі ў Алепа, найбуйнейшы горад Сірыі да вайны, на відэазапісе было відаць, як ён у ваеннай форме аддаваў загады па тэлефоне, нагадваючы сваім байцам абараняць людзей і забараняючы ім уваходзіць у дамы. Ён запэўніў жыхароў - большасць з якіх хрысціяне - што яны будуць абаронены, а іх маёмасць - пад бяспекай. Ён заклікаў іх заставацца дома.
Ізраіль і ЗША правялі ўзброеныя налёты на цэлі, звязаныя з Ісламскай дзяржавай. ЗША перасцерагаюць сірыйскія групы перад супрацоўніцтвам з тэрарыстамі.
Рада бяспекі ААН правядзе пазачарговае закрытае пасяджэнне па сітуацыі ў Сірыі. Пасяджэнне было склікана па просьбе Расіі. Падрабязнасці абмеркаванняў пакуль застаюцца ў сакрэце.
ав
слухайце аўдыё