Беларуская Служба

«Будзем выгрызаць траву» — у Польшчы гарачы тыдзень перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў

26.05.2025 15:11
У Польшчы — апошні тыдзень перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў. Жарсці, палярызацыя, дыскусіі — на піку.
Аўдыё
  • «Будзем выгрызаць траву» — у Польшчы гарачы тыдзень перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў
   .
Агітацыйны мітынг у Варшаве.PAP/Leszek Szymański

Для кандыдатаў, якія ідуць след у след у рэйтынгах, гэта сапраўдная барацьба за галасы.

Напрыклад, трансляцыя на YouTube-канале сустрэчы Рафала Тшаскоўскага і Славаміра Менцэна пабіла рэкорды – колькасць гледачоў перавысіла 600 000, у выніку гэта апынулася самая папулярная палітычная трансляцыя на YouTube у Польшчы. У нядзелю ўвечары колькасць праглядаў размовы з Тшаскоўскім дасягнула 4,2 мільёна разоў, а ранейшая размова з Менцэна з Каралем Наўроцкім была прагледжана 4,5 мільёна разоў.

Удзел у публічнай дыскусіі з Менцэнам, які атрымаў у першым туры трэці вынік або 14,81% як кандыдат ад Канфедэрацыі, — гэта магчымасць для прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта перацягнуць да сябе гэтыя галасы.

У нядзелю ў Варшаве паралельна прайшлі два маршы: адзін у падтрымку Рафала Тшаскоўскага, другі — Караля Наўроцкага. Дэманстрацыі прайшлі без сур'ёзных інцыдэнтаў. Упершыню з 1989 года ў адным горадзе адначасова было два маршы кандыдатаў-канкурэнтаў.

У маршы Тшаскоўскага, сярод іншых, удзельнічалі: прэм'ер-міністр Дональд Туск, віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Каміш, спікер Сейма і кіраўнік партыі «Польшча 2050» Шымон Галоўня, віцэ-спікер Сената Магдалена Беят з партыі «Новыя левыя», а таксама пераможца нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі Нікушар Дан. У маршы Наўроцкага, сярод іншых, удзельнічалі старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі і вядучыя палітыкі партыі.

Марш Рафала Тшаскоўскага, прэзідэнта Варшавы, прыцягнуў амаль удвая больш людзей, заўважыла палітолаг Магдалена Хжчановіч (Magdalena Chrzczonowicz), яна падкрэсліла,  што для арганізатараў было б правалам, калі б на марш прыйшло менш за 100 000 чалавек.

— Выглядае, што марш Рафала Тшаскоўскага быў больш шматлюдным, ледзьве не ў два разы. Канешне, гэта перамога Тшаскоўскага. Але гэта не было дзіўна, бо мы ў Варшаве. Было зразумела, што калі б гэты марш быў меншым, сабраў менш за сто тысяч чалавек, то гэта была б відавочная параза.

З гэтай думкай пагаджаецца і палітолаг, доктар Павал Рамянчак. Ён дадаў, што меншым гарадам, дзе найбольшай падтрымкай карыстаецца Караль Наўроцкі, было цяжэй мабілізавацца.

— Выбарцы ў вялікіх гарадах — гэта звычайна выбарцы Грамадзянскай кааліцыі, гэта значыць і Рафала Тшаскоўскага. Гэтае асяроддзе было натуральным, каб узяць удзел у маршы. Але інакш выглядае падтрымка парты «Права і Справядлівасць». Звычайна гэта жыхары гарадоў да пяцідзесяці тысяч чалавек, таму цяжка было кансалідаваць марш з улікам гэтага чынніку.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск заклікаў сабраных шырока расплюшчыць вочы. «Сёння ўладу хочуць захапіць не палітыкі, а звычайныя бандыты, і ў гэтым няма ніякага перабольшання», — заявіў ён, маючы на ўвазе сваіх канкурэнтаў. Туск падкрэсліў, што «Польшча не можа мець прэзідэнта, які распачне чарговую грамадзянскую вайну, таму што гэтага хоча Качыньскі».

Тым часам кіраўнік ПіС Яраслаў Качыньскі ў размове з журналістамі сцвярджаў, што голас за Наўроцкага — гэта голас за суверэнную Польшчу, а не за перадачу ўсё большай колькасці паўнамоцтваў міжнародным інстытутам. «Караль Наўроцкі выступае за развіццё, што сёння азначае адмову ад «Зялёнай здзелкі», аднаўленне буйных інвестыцый, у тым ліку тых, якія немцам не падабаюцца, яны ад іх адмовіліся», — сказаў Качыньскі.

У апошнім апытанні IBRiS для Polskie Radio 24 перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў 45,7 працэнта рэспандэнтаў сказалі, што прагаласуюць за Рафала Тшаскоўскага. І 44,9 працэнта адказалі, што падтрымаюць Караля Наўроцкага.

Таксама палякаў спыталі пра іх намеры ўдзельнічаць у другім туры выбараў. На пытанне, ці пойдуць яны на выбары ў наступную нядзелю, рэспандэнты адказалі так:

  • Безумоўна так 66,2 працэнта
  • Хутчэй за ўсё, так 8,5 працэнта
  • Наўрад ці 3,2 працэнта
  • Дакладна не 15,6 працэнта
  • 6,5 працэнта апытаных не вызначыліся.

Апытанне, зладжанае Інстытутам рынкавых і сацыяльных даследаванняў IBRiS па замове Польскага радыё 24, было праведзена 25.05.2025 з выкарыстаннем метаду CATI на рэпрэзентатыўнай агульнанацыянальнай выбарцы з 1070 чалавек.

Намеснік старшыні партыі «Права і справядлівасць» Міхал Войцік заявіў, што барацьба паміж кандыдатамі будзе жорсткай да самага канца:

– Мы ведаем, што на працягу многіх тыдняў апытанні паказваюць параўнальную падтрымку аднаго і другога кандыдата. І ведаем, што апошнія пяць дзён да перадвыбарчай цішыні будзем папросту «выгрызаць траву». Я сёння з самай раніцы і да ночы на нагах, дзеля падтрымкі Караля Наўроцкага.

Палітык з партыі «ПіС» падкрэсліў, што мабілізацыя будзе працягвацца да перадвыбарчай цішыні, гэта значыць да суботы.

Барыс Будка, еўрадэпутат ад Грамадзянскай кааліцыі, заявіў, што верыць у перамогу іх кандыдата. Аднак ён падкрэсліў, што патрэбна мабілізацыя людзей:

— Мы, як людзі, якія падтрымліваюць Рафала Тшаскоўскага, на гэтым фінішы робім усё, каб яўка на выбарах была як можна больш высокай, і каб пераканаць палякаў і полек галасаваць за Рафала Тшаскоўскага. Гэта будзе барацьба за кожнага чалавека, калі казаць спартыўнай мовай.

На мой погляд, розніца можа быць у 100 000-200 000 галасоў.

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца 1 чэрвеня.

PAP/IAR/вх