Для параўнання ў савецкія часы гэты адсотак складаў 5%. Прызначэнне «сілавікоў» на цывільныя пасады робіцца пад выглядам вырашэння праблем «цвёрдай рукой». Аднак вынік адваротны: праблемы не знікаюць, а гвалт становіцца метадам кіравання. Да чаго гэта можа прывесці, пра гэта размова з экспертам.
Савецкім Саюзам кіравалі цывільныя асобы, не сілавікі, пра гэта гаворыцца ў даследаванні расійскай сацыёлагіні Вольгі Крыштаноўскай. Доля «сілавікоў» у органах дзяржаўнага кіравання СССР складала не больш за 5%. Потым у часы кіравання Барыса Ельцына доля прадстаўнікоў сілавых ведамстваў ва ўладзе вырасла да 46%, што ілюструе факт прызначэння на пасаду прэм'ер-міністра былога старшыню ФСБ. У часы Пуціна трэнд не толькі захаваўся, але і ўзмацніўся. У вышэйшым кіраўніцтве сілавікоў ажно 66,7%, ва ўрадзе амаль 40%, 20% сярод губернатараў. Што азначаюць гэтыя дадзеныя, пра гэта размова з палітолагам Паўлам Усавым.
— За працэсам перабудовы ў СССР стаялі спецслужбы, што прывяло да таго, што ў важныя фінансавыя ды палітычныя ведамствы перайшлі прадстаўнікі сілавых структур. На пачатку праўлення Ельцына была зроблена спроба абмежаваць уплывы былога КДБ, але хутка асноўныя важныя пасады «ў вярхах» занялі сілавікі, якія ўдзельнічалі і ў стварэнні першых алігархічных груп. Выхадцы з сілавых структур выкарысталі пераўтварэнні, каб пазбавіцца ад палітычнага кантролю, які існаваў у савецкія часы. Цяперашняе ФСБ – гэта карпарацыя, якая цалкам кантралюе ўсе палітычныя ўстановы ў Расіі, сфармаваўшы, па сутнасці, мілітарысцкі рэжым. Паўсталая сістэма працуе пры дапамозе тэрору, адмова ад яго прывяла б да выбуху масавых пратэстаў у краіне.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аудыёфайле