Беларуская Служба

Як беларускі рэжым дапамагае пастаўляць нелегальных мігрантаў з Лівіі ў Еўропу

21.07.2025 17:28
У ліпені на Крыт прыбывала ўжо да тысячы мігрантаў кожны дзень, а раней — 5,5 тысяч за паўгода.
.
Ілюстрацыя. Нелегальныя мігрантыSean Aidan Calderbank/Shutterstock

Rzeczpospolita апісвае, якім чынам беларускі рэжым дапамагае Лівіі пастаўляць мігрантаў у Еўропу. Газета нагадвае, што 3 ліпеня ў Мінску ва ўрачыстасцях адзначэння Дня незалежнасці ўдзельнічаў Усама Хамад — прэм’ер-міністр ураду нацыянальнай стабільнасці Лівіі. У Мінску ён падпісаў шэраг дамоваў і паабяцаў дапамогу ў будаўніцтве мячэцяў. Урад Хамада атрымлівае падтрымку з Расіі.

У сваю чаргу, 6–7 ліпеня на грэчаскі востраў Крыт прыбылі марскім шляхам каля 2 тысяч нелегальных мігрантаў з горада Табрука. 8 ліпеня еўракамісар і міністры Грэцыі, Італіі і Мальты прыехалі ў Бенгазі, але іх візіт нечакана быў адменены — яны пачулі, што былі абвешчаныя персонамі нон грата.

Рост міграцыі на Крыт у разгар турсезону прымусіў Афіны часова спыніць прыём заявак на прытулак. Прэм’ер-міністр Грэцыі заявіў, што ўсе нелегальныя мігранты будуць затрыманыя. Эксперт Тарэк Мегерысі адзначае ў выданні, што Лукашэнка ўтрымлівае адносіны з дзяржаўным дзеячам усходняй Лівіі Халіфам Хафтарам, а праз Беларусь, магчыма, адбываецца перакідка мігрантаў з падтрымкай Расіі.

Мегерысі раней пісаў, што Масква выкарыстоўвае беларусаў у Лівіі, у тым ліку для аднаўлення ваеннага порта ў Табруку. Менавіта пра гэты порт лівійцы размаўлялі ў Мінску ў ліпені. Сын Хафтара — Садам — кіруе кантрабандай мігрантаў. Ён курыруе лагістычную сетку і вызначае, калі і куды адпраўляюцца караблі з людзьмі. Па словах Мегерысі, Хафтар выкарыстоўвае міграцыйны ціск як інструмент палітыкі, у тым ліку з мэтай прызнання ўсходняй Лівіі як асобнай дзяржавы. На фоне — канфлікт вакол вялікіх радовішчаў газу ў Міжземным моры.

У ліпені на Крыт прыбывала ўжо да тысячы мігрантаў кожны дзень, а раней — 5,5 тысяч за паўгода. Мясцовыя палітыкі заявілі, што сітуацыя выйшла з-пад кантролю.

Rzeczpospolita/нг