Беларуская Служба

Падрабязнасці мірных прапаноў Трампа ў адносінах Расіі. Масква можа атрымаць вельмі шмат

07.08.2025 10:21
Сустрэча паміж спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, хутчэй за ўсё, стала апошнім акордам ранейшай палітыкі Дональда Трампа ў дачыненні да Масквы.
    .
Уладзімір Пуцін і Стыў Уіткаф.PAP/EPA/GAVRIIL GRIGOROV / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Паводле інфармацыі выдання Onet, прадметам размовы Уіткофа была ўзгодненая з еўрапейскімі дзяржавамі прапанова перамір’я, якую Злучаныя Штаты агучылі Расіі. ОНЭТ піша. што Масква атрымала ад адміністрацыі Трампа вельмі выгадную прапанову.

Магчымае адхіленне прапановы з боку Масквы азначала б, што нават найбольш добразычлівыя ў адносінах Крамля палітыкі страцілі б усе ілюзіі наконт магчымасці дасягнення кампраміснага пагаднення з Расіяй.

Амерыканскія прапановы прадугледжваюць:

• перамір’е ва Украіне, а не мір;
• фактычнае прызнанне расійскіх тэрытарыяльных здабыткаў (праз адкладанне гэтага пытання на 49 або 99 гадоў);
• скасаванне большасці санкцый супраць Расіі, а ў перспектыве – вяртанне да энергетычнага супрацоўніцтва, то бок імпарт расійскага газу і нафты.

У пакеце няма гарантыі не пашырэння НАТА, чаго патрабуе Масква. Расія таксама не атрымала ніякіх абяцанняў спыніць ваенную дапамогу Украіне. Гэты апошні пункт расіяне быццам бы гатовыя прыняць.

Пра тое, што пагадненне магчымае, сведчаць словы прынамсі некалькіх вядучых еўрапейскіх палітыкаў. Напрыклад, 30 ліпеня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што «існуе вялікі шанец і шмат прыкмет таго, што, магчыма, расійска-украінская вайна будзе прынамсі прыпыненая ў бліжэйшы час».

Два дні таму, у сваю чаргу, прэзідэнт Чэхіі Петр Павел у інтэрв’ю BBC адзначыў, што «калі коштам выжывання Украіны стане тое, што Расія будзе акупаваць частку краіны, то гэта прымальны кошт».

Пра падрабязнасці прапаноў, якія атрымала Масква, запыталі таксама міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага. На канкрэтнае пытанне пра тое, ці магчыма ўзнаўленне энергетычнага супрацоўніцтва з Расіяй, ён адказаў: – Калісьці гэтая вайна скончыцца, а Расія была крыніцай сыравіны сотні гадоў.

Гэтая заява Сікорскага, хоць і дыпламатычная і неканкрэтная, фактычна пацвярджае звесткі пра тое, што прапановы, зробленыя амерыканцамі, маюць вельмі шырокі характар. Да канца незразумела, ці прыме Расія згаданую прапанову. Паводле інфармацыі Onet, яшчэ некалькі дзён таму шанцы на гэта выглядалі большымі, чым сёння. Парадаксальна, але пра гэта сведчыў і рост напружання паміж Вашынгтонам і Масквой, у тым ліку ўзаемныя ядзерныя пагрозы.

У выпадку дасягнення пагаднення Трамп пайшоў бы на вельмі значныя саступкі Расіі, а Пуцін згадзіўся б прыпыніць вайну без дасягнення яе мэтаў. Таму абодвум баком выгадна падаваць гэта як вынік пагрозы ядзернага супрацьстаяння паміж ЗША і Расіяй.

Рост напружання, насуперак лагічнаму ўспрыманню, сведчыць пра тое, што дасягненне пагаднення бліжэй, чым здаецца. Праблема ў тым, што Масква апошнім часам, па некаторых звестках, зноў узмацніла сваю жорсткую пазіцыю.
Дональд Трамп даў Пуціну тэрмін да 8 жніўня на заканчэнне вайны, пагражаючы ўвядзеннем так званых другасных санкцый – то бок санкцый супраць трэціх краін, у дадзеным выпадку пошлін для дзяржаў, якія купляюць расійскую нафту і газ. Увядзенне другасных санкцый азначала б спыненне экспарту расійскай сыравіны і непазбежна прывяло б да калапсу расійскай эканомікі і бюджэту.

Праблема ў тым, што Масква мяркуе, што Трамп блефуе і не ўвядзе згаданых абмежаванняў. Вашынгтон жа мяркуе, што блефуе Масква і насамрэч смяротна баіцца санкцый.

Доказам гэтага страху з’яўляюцца расійскія прапановы, паводле якіх Масква, хоць і працягне вайну, але ў адказ на адмову ЗША ад увядзення санкцый абяцае спыніць удары па ўкраінскіх гарадах.

нг

Дональд Трамп: Размовы з Пуціным былі плённыя

07.08.2025 09:19
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп лічыць верагоднасць сваёй хуткай сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, а таксама з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім «высокай».