Беларуская Служба

«Пуцін зрабіў больш для развіцця ідэнтычнасці, чым Назарбаеў». Змяншаюцца ўплывы Расіі ў Цэнтральнай Азіі

17.08.2025 07:30
Нападаючы на Украіну, Расія паставіла пад сумнеў асновы постсавецкай сістэмы.
  . .
Краіны Цэнтральнай Азіі. Ілюстрацыя.Фото: pixabay.com/pl/ rob-armbruster

Рэгіён Цэнтральнай Азіі складаецца з пяці незалежных дзяржаў, былых рэспублік СССР: Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. У літаратуры сустракаецца таксама назва «Сярэдняя Азія», аднак яна менш дакладная. У савецкія часы так называлі чатыры з вышэй названых рэспублік (усе, акрамя Казахстана).

Пад канец існавання СССР рэспублікі рэгіёну былі фактычна залежнымі ад Расіі калоніямі і не адчувалі сябе гатовымі ці здольнымі да самастойнага існавання. У адрозненне ад Літвы, Латвіі, Эстоніі, Грузіі ці Украіны яны таксама першапачаткова не імкнуліся да аслаблення сувязяў з Масквой. Аднак на працягу мінулых трох дзесяцігоддзяў цэнтральнаазіяцкія «станы» – слова гэта паходзіць з персідскай мовы і азначае проста «дзяржава» – здолелі пабудаваць настолькі эфектыўныя палітычныя сістэмы, што не толькі перажылі цяжкі перыяд трансфармацыі, але і захавалі стабільнасць пасля чарговых крызісаў (найбольш сур’ёзны з іх адбыўся ў студзені 2022 года ў Казахстане, у сваю чаргу Таджыкістан у 1992–1997 гадах перажыў грамадзянскую вайну).

Для Расіі рэгіён заставаўся істотным як прастора, ахопленая яе інтэграцыйнымі ініцыятывамі, а таксама як зона саперніцтва і абмежаванага супрацоўніцтва з іншымі гульцамі, перад усім з Кітаем, але таксама з Захадам. Інтэграцыйныя ініцыятывы дазвалялі Расіі выступаць з пазіцыі лідара групы дзяржаў, а прысутнасць сярод іх былых рэспублік Цэнтральнай Азіі надавала гэтым праектам міжкантынентальнае, еўразійскае вымярэнне. Прывабнасць Масквы пры гэтым пастаянна зніжалася, пра што сведчыць колькасць дзяржаў-удзельніц у заснаваных ёю аб’яднаннях. Да Садружнасці Незалежных Дзяржаў (1991 год) далучылася 12 дзяржаў, да Арганізацыі Дамовы аб Калектыўнай Бяспецы (1992) – дзевяць, у Еўразійскую эканамічную супольнасць (2000) увайшло пяць, у Мытны саюз (2010) – толькі тры. Еўразійскі эканамічны саюз, заснаваны ў 2014 годзе, налічвае пяць членаў, у тым ліку дзве краіны Цэнтральнай Азіі (Казахстан і Кыргызстан). Для знешняга свету значэнне рэгіёну і далей вынікае з яго сыравіннага патэнцыялу – ён мае вялікія запасы нафты, прыроднага газу і ўрану – а таксама транспартнага: праз яго праходзіць альтэрнатыўны Расіі шлях паміж Кітаем і Еўропай ці Блізкім Усходам. Важны рэгіён і ў кантэксце пагроз, якія зыходзяць з глабальнага Поўдня, у тым ліку ісламскага фундаменталізму.

Раней Расія была гарантам стабільнасці

Гістарычныя і інстытуцыйныя сувязі рэгіёну з Расіяй наймацней праяўляліся ў дзвюх сферах – палітычнай і бяспекі. Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Масква заставалася для рэгіёну гарантам стабільнасці, што яна прадэманстравала ў студзені 2022 года, калі ў рамках місіі АДКБ аказала ўплыў на падзеі ў Казахстане і дапамагла ўтаймаваць пратэсты. У іншых сферах, асабліва эканамічнай, расійскія ўплывы ўжо даўно паспяхова пераймае Кітай.

Дзяржавы рэгіёну адштурхоўвае ад Расіі – і аслабляе яе пазіцыі – тое, што Масква дэманструе сваю перавагу. На гэта звярталі ўвагу нават расійскія аўтары, у тым ліку выбітны ўсходазнавец, ужо памерлы прафесар Аляксей Малашэнка. У адной са сваіх кніг ён адзначаў нізкі ўзровень дыпламатаў, якіх адпраўляюць у сталіцы Цэнтральнай Азіі, якія не ведаюць мясцовых моў і культурных асаблівасцяў. Аднак толькі поўнамаштабная вайна прывяла да таго, што рэгіён пачаў сапраўды аддаляцца ад Расіі.

Нападаючы 24 лютага 2022 года на Украіну, Расія паставіла пад сумнеў асновы постсавецкай сістэмы, у тым ліку суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць былых савецкіх рэспублік. Гэта падштурхнула дзяржавы Цэнтральнай Азіі да беспрэцэдэнтна цеснага супрацоўніцтва паміж сабой, а таксама да пошуку іншых партнёраў, у тым ліку ў фарматах C5+, гэта значыць «пяць дзяржаў рэгіёну плюс знешні партнёр» – напрыклад, ЗША або Паўднёвая Карэя.

Вайна і пачуццё пагрозы

Высокапастаўленыя расійскія палітыкі, у тым ліку Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў, неаднаразова ставілі пад сумнеў законнасць дзяржаўнасці Казахстана і аспрэчвалі права гэтай краіны на яе сучасныя межы. Гэта стала таксама каталізатарам патрыятычных настрояў і ўзмацніла імкненне да дэкаланізацыі, што назіраецца амаль усюды ў рэгіёне.

У Казахстане, дзе веданне расійскай мовы застаецца масавым (дарэчы, на гэтай мове можна яшчэ кантактаваць з жыхарамі краін усяго рэгіёну), з’явіўся, напрыклад, казахскі дубляж да расійскіх фільмаў. Адзін з казахскіх палітолагаў ужо ў 2024 годзе заўважыў, што Уладзімір Пуцін за два гады вайны зрабіў для развіцця казахскай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці больш, чым Нурсултан Назарбаеў за некалькі дзесяцігоддзяў свайго кіравання. З гэтым цяжка не пагадзіцца.

Падрыхтавана спецыяльна для Праграмы замежнага вяшчэння Польскага радыё.

Войцех Гурэцкі (журналіст, гісторык, рэпарцёр).