Беларуская Служба

Юрыдычная справядлівасць і грашовыя кампенсацыі – былы палітвязень Зянковіч праз суд у ЗША хоча пакараць рэжым Лукашэнкі

18.08.2025 16:18
Былы палітзняволены, юрыст Юрась Зянковіч хоча прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за катаванні, незаконнае зняволенне, выкраданне з трэцяй краіны.
   -
Юрась Зянковіч падчас прэс-канферэнцыі ў Беларускім доме ў ВаршавеФота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Мэта пазову – не толькі аднавіць справядлівасць у сваёй асабістай справе, але і адкрыць шлях для іншых ахвяраў, стварыць юрыдычны і маральны прэцэдэнт, які пацвердзіць, што рэжым можа быць прыцягнуты да адказнасці і маральна, і фінансава.

Зянковіч кажа, што амерыканскія законы дазваляюць асобе, якая зазнала катаванні, падаць заяву ў суд у ЗША. Такім чынам можна паспрабаваць прыцягнуць да адказнасці як дзяржаву, калі ідзецца пра злачынства супраць чалавечнасці, гэтак і канкрэтных людзей.

Юрась Зянковіч – амерыканскі юрыст і беларускі актывіст. Ён быў арыштаваны ў Маскве ў 2021 годзе паводле абвінавачвання ў замаху на Лукашэнку і дастаўлены ў Мінск. Яго пакаралі ў межах «справы змоўцаў» паводле шэрагу крымінальных артыкулаў 11 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гэтай справе праходзілі таксама літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – кожнаму з іх прысудзілі 10 гадоў. Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч атрымалі па 2,5 года зняволення. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.

Зянковіча вызвалілі 30 красавіка гэтага года ў выніку перамоў амерыканцаў з Лукашэнкам. Рыгор Кастусёў выйшаў пасля памілавання Лукашэнкам, у палітыка ў зняволенні выявілі анкалогію.

У калоніі ў Магілёве застаецца Аляксандр Фядута. Зянковіч сказаў, што паводле яго крыніц, Фядута катэгарычна адмаўляецца пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, бо яны знаёмыя яшчэ з савецкіх часоў, і гэта будзе недарэчная сітуацыя для абодвух бакоў.

«Мая асабістая гісторыя толькі адна з тысяч, я быў выкрадзены ў Маскве і асуджаны на 11 гадоў. І толькі дзякуючы міжнароднай салідарнасці мяне вызвалілі. Нашай мэтай ёсць перамога юрыдычная, а таксама кампенсацыі людзям. Гэта таксама кампанія салідарнасці, кажа» – кажа Зянковіч.

– Я збіраюся в бліжэйшыя тыдні ўнесці ў амерыканскі федэральны суд пазоў супраць Рэспублікі Беларусь, супраць КДБ, супраць персанальна Александра Лукашэнкі, а таксама супраць пракурораў, судзяў і турэмшчыкаў, якія ўтрымлівалі мяне на працягу4чатырох гадоў у турмах Беларусі. Я хачу зрабіць прэцэдэнтную справу, паказаць іншым ахвярам палітычных рэпрэсій шлях, якім чынам можна дабівацца справядлівасці, якім чынам можна дабівацца кампенсацыі, і найперш, як дабіцца, каб рэжым Лукашэнкі былі прызнаны злачынным ужо на міжнароднай арэне.

Для мяне гэта не столькі, не столькі, не столькі матэрыяльная справа, колькі магчымасць дабіцца справядлівасці, таму што я веру ў справядлівасць, веру ў мараль, лічу, што кожнае зладзейства павінна быць пакаранае. І тыя людзі, які зараз знаходзіцца ў Беларусі, якія кажуць, што мы тут не пры чым, гэта ўсё ўлада, нас змусілі, бо гэта наша служба, яны павінна разумець, што ім давядзецца адказваць за свае справы. Я лічу, што гэта справядліва і правільна.

– Вы сказалі, што ў СІЗА КДБ перасякаліся з каліноўцам Васілём Верамейчыкам, які быў экстрадаваны з В'етнама. Ці можаце распавесці, у якім ён быў стане, можа, ён нешта гаварыў пра абставіны яго экстрадыцыі?

– Гэта быў вынік супрацоўніцтва ўладаў камуністычнага Вʼетнама з КДБ Республікі Беларусь. У Вʼетнам прыляцеў асабіста начальнік следчага ўпраўлення КДБ палкоўнік Бычак з двума таварышамі. Яны туды праехалі на сем дзён, весела адпачывалі, а на сёмы дзень ім перадалі Васіля Верамейчыка, і яго праз Маскву вывезлі ў Беларусі.
Апошні раз, калі я бачыў Васіля, быў красавік гэтага года, ён быў у добрай фізічнай форме. Адзін раз паказвалі яго інтэрвʼю для БТ, вось пасля гэтага інтэрвʼю Васіль вярнуўся ў камеру пабіты. Ён не хацеў гаварыць пэўныя рэчы, яго вывелі ў туалет і там фізічна патлумачылі, што выбару няма, – некалькі разоў ударылі тварам аб кафлю.
Трэба разумець, усё, што гаварыцца, усё, што паказваецца, гэта так ці інакш або праз шантаж, або праз гвалт, або праз іншыя незаконныя дзеянні. Ад людзей дабіваюцца, каб яны гаварылі тое, што трэба ўладам.


– Падчас зняволення вы ведалі, што ідуць нейкія перамовы па вашай асобе, была сувязь з амерыканскімі дыпламатамі?

– Калі знаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы, а гэта быў канец вясны, пачатак лета 2022-го года, я бачыў ноты ад амбасады Злучаных Штатаў, якая ўпарта дабівалася консульскага візіту да мяне. Даходзіла да таго, што ў якасці консула да мяне мусіў прыйсці асабіста часовы павераны, фактычна, выконваючы абавязкі амбасадара ў Беларусі.

Але ўсе гэтыя заявы, ноты атрымалі адмову з КДБ. Першы раз прадстаўніка амерыканскага ўрада я ўбачыў чацвёртага студзеня гэтага года, наколькі я ведаю, гэта было пасля асабістага дазволу Лукашэнкі. Сустрэча адбывалася ў адным з асабнякоў Міністэрства замежных спраў у Мінску.

– У вашым іску размова ідзе пра катаванні, можаце пералічыць, што прымянялася да вас?

– Да мяне прымянялася ў тым ліку фізічная сіла – у мазырскай калоніі катавалі электрашокерам. Але і самі ўмовы ўтрымання, пра гэта мала хто гаворыць, шасці здаровых дзядзькаў на дзесяці квадратных метрах ужо само па сабе катаванне. Знаходжанне ў адзіночных камерах больш за 15 сутак, паводле міжнародных стандартаў, таксама катаванні.

Сяргей Ціханоўскі больш за год знаходзіўся ў адзіночнай камеры, мне асабіста даводзілася па 4-5 месяцаў праводзіць у адзіночцы. Перад тым, як мяне вывезлі на сустрэчу з амерыканцамі, я знаходзіўся ў Мазырскай калоніі роўна 60 дзён у ШЫЗА, дык для мяне адмыслова вызвалілі камеру, я тым быў адзін. Гэта вельмі цяжка перажываць, шмат людзей ад такога ламаюцца. Гэта сапраўды катаванні.

– Ці разумееце цяпер, што вашая змова была авантурай, якая ад пачатку была асуджаная на правал?

– Цяпер, ведаючы карты праціўніка. Я разумею, што гэта было асуджана на правал. Калі я знаёміўся з падпалкоўнікам Жураўскім, ён ужо дзейнічаў у інтарэсах КДБ, гэта была чыстай вады правакацыя.

Але разам з тым, я мушу падкрэсліць, у Беларусі была рэальная спроба дзяржаўнага перавароту. Людзі, якія знаходзяцца ў «амерыканцы» цяпер, перасякаліся з хлопцамі з пятай Марʼінагорскай брыгады, якія сапраўды хацелі здзейсніць дзяржаўны пераварот. Атрымалася так, што мы сустрэлі не тых людзей, а хлопцы не сустрэлі нас.

Магчыма, была верагоднасць павярнуць Беларусь у іншым кірунку. Не было б усяго таго, што адбылося за апошнія гады – тысяч палітзняволеных, агрэсіі з тэрыторыі Беларусі. Шмат чаго можна было б пазбегнуць, калі б у войску знайшліся сапраўдныя патрыёты, якія павярнулі б развіццё Беларусі ў бок канстытуцыйнага развіцця і законнасці.


Цукеркі з усвенірнага набору для дыпламатаў. Цукеркі з сувенірнага набору для дыпламатаў. Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net


Напрыканцы сустрэчы з журналістамі Юрась Зянковіч пачаставаў усіх цукеркамі з сувенірнага прэзідэнцкага набору, які быў уручаны амерыканскаму дыпламату, калі той выязджаў з Беларусі ўжо з былым палітзняволеным Зянковічам.

. .

. .

вх