Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Белы дом заявіў, што будучыня акупаваных тэрыторый будзе абмяркоўвацца непасрэдна з Уладзімірам Пуціным. Пры гэтым палітык падкрэсліў, што падчас сустрэчы не ўзнікала спрэчак з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і што гэтае спатканне стала «найлепшым у гісторыі адносінаў абодвух лідараў», пішуць на партале biznesinsider.pl.
На брыфінгу ў Вашынгтоне Зяленскі адзначыў, што так званае «пытанне тэрыторый» будзе абмяркоўваецца выключна з кіраўніком Расіі. Паводле яго, дыскусіі з прадстаўнікамі амерыканскай адміністрацыі датычыліся дэталяў мапы Украіны, якая паказвае маштаб акупацыі. Украінскі лідар настойваў, каб дакладна адлюстроўваліся этапы захопу — ад Крыму да Данбасу.
Уладзімір Зяленскі адкінуў паведамленні СМІ, маўляў, Кіеў абмяркоўваў з Вашынгтонам магчымыя тэрытарыяльныя ўступкі. Заходнія СМІ нагадваюць: Украіна не прыме дамоваў, якія прадугледжваюць адмову ад уласных земляў. Прапанова Масквы вывесці ўкраінскія войскі з часткі Данецкай і Луганскай абласцей у абмен на замарожванне фронту была адхіленая, як безглуздая.
Паводле Зяленскага, Трамп падчас саміту з еўрапейскімі лідарамі ў Белым доме меў тэлефонную размову з Пуціным у прысутнасці некаторых з іх. Расійскі бок нібыта прапаноўваў спачатку двухбаковы, а пасля трохбаковы фармат сустрэчы з удзелам ЗША.
У выданні нагадваюць, што акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі маюць вялікае эканамічнае значэнне. Данбас традыцыйна заставаўся цэнтрам цяжкай прамысловасці і вугальнай здабычы, а праз Крым кантралюецца выхад да Азоўскага мора і важная транспартная інфраструктура.
У Белым доме Зяленскі падкрэсліў: мэта Украіны — не часовае перамір’е, а трывалы мір, падобную думку таксама агучваў амерыканскі лідар. Паводле апытанняў Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, каля 75% украінцаў выступаюць супраць перадачы Расіі любой часткі краіны.
Пры гэтым кіраўнік Украіны заявіў пра гатоўнасць сустрэцца з Пуціным і не выключыў магчымасці трохбаковай сустрэчы з удзелам ЗША. Дата і месца перамоваў пакуль не вызначаная.
эж