Беларуская Служба

Шакуючы крок Касцёла: Папскі нунцый у Польшчы ўганараваў амбасадара Расіі

21.08.2025 18:11
« (...) На месцы МЗС Польшчы я выклікаў бы нунцыя і ўручыў яму «памятную» талерку з Бучы ці Ірпеня».
Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антоніа Гвіда Філіпадзі і амбасадар РФ у Польшчы Сяргей Андрэеў https://nuncjatura.pl

У ліпені з’явіліся неафіцыйныя паведамленні, што амбасадар Расіі ў Польшчы Сяргей Андрэеў у бліжэйшы час завершыць сваю дыпламатычную місію. Ён займаў гэтую пасаду з 26 жніўня 2014 года. Дыпламат неаднаразова выклікаў скандалы, у тым ліку праз публічнае паўтарэнне крэмлёўскай прапаганды пра «спецыяльную ваенную аперацыю» ва Украіне, чытаем на партале gazeta.pl.

Нечакана ў аўторак, 19 жніўня, Апостальская нунцыятура ў Варшаве апублікавала паведамленне пра тое, што напярэдадні Андрэеў атрымаў памятны падарунак. «18 жніўня ў сядзібе Нунцыятуры у Варшаве з рук дэкана Дыпламатычнага корпуса яго эксэленцыі арцыбіскупа Антоніа Гвіда Філіпадзі, апостальскага нунцыя ў Польшчы, яго эксэленцыя спадар Сяргей Андрэеў, амбасадар Расіі ў Польшчы, які заканчвае сваю дыпламатычную місію ў краіне, атрымаў памятную талерку», — гаворыцца ў заяве.

Публіцыст Якуб Вех рэзка адрэагаваў на палітычны жэст Каталіцкага касцёла:  «Ведаеце, я не разбіраюся ў гэтым усім дыпламатычным пратаколе, але на месцы МЗС Польшчы я выклікаў бы нунцыя і ўручыў яму «памятную» талерку з Бучы ці Ірпеня», — напісаў Якуб Вех. 

Паводзіны расійскага амбасадара неаднаразова выклікалі крытыку з боку польскіх уладаў. У сакавіку 2024 года МЗС Польшчы патрабавала ад Андрэева тлумачэнняў наконт інцыдэнту з расійскай крылатай ракетай, якая парушыла паветраную прастору краіны над Любліншчынай. Аднак дыпламат праігнараваў выклік. Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі адзначыў тады, што амбасадар «сам засведчыў свой узровень культуры і прафесіяналізму».

эж



Амбасадар Расіі не прыехаў у МЗС Польшчы, каб атрымаць ноту з нагоды парушэння паветранай прасторы дзяржавы

25.03.2024 18:07
Амбасадар Расіі ў Польшчы Сяргей Андрэеў не прыбыў у Міністэрства замежных спраў у панядзелак, паведаміў Павел Вроньскі, прэс-сакратар Міністэрства дыпламатыі.